У аздараўленчым лагеры пад Рэчыцай загінуў хлопчык, шасцёра дзяцей атрымалі траўмы
14.07.2024, 21:01
Дзіцячы аздараўленчы лагер імя Марата Казея. (Фота: maratik.by)
podpis źródła zdjęcia
Трагедыя адбылася ў выніку імклівага падзення дрэваў падчас урагану.
Следчы камітэт Беларусі паведамляе, што ў Рэчыцкім раёне ў выніку падзення дрэў пацярпелі 7 дзяцей. Адзін з іх загінуў.
Дзіцячы аздараўленчы лагер імя Марата Казея. (Фота: maratik.by)
Трагедыя адбылася 14 ліпеня каля 17:20 на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера імя Марата Казея.
«У выніку стыхіі, якая раптам разбушавалася, адбылося імклівае падзенне некалькіх дрэваў. У гэты час на канцэртнай пляцоўцы праходзіла забаўляльная імпрэза для выхаванцаў лагера. Калі пачалася навальніца, дзеці кінуліся ў жылыя карпусы.
,,
Паводле папярэдніх звестак, пры падзенні дрэваў і абламаных галін пацярпелі 7 выхаванцаў лагера. У выніку атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр 13-гадовы хлопчык. Розныя траўмы атрымалі яшчэ 6 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 год», – распавялі ў СК.
Міністэрства аховы здароўе паведамляе, што брыгады хуткай медычнай дапамогі даставілі трох пацярпелых дзяцей у цэнтральную раённую лякарню.
,,
«Пасля папярэдняй дыягностыкі, прынята рашэнне адну з дзяўчынак, дыягназ траўмаў якой патрабуе лячэння ў лякарні абласнога ўзроўню, перавесці ў Гомель.
Двум падлеткам аказана дапамога лекарам ЦРБ. У дзяцей дыягнаставаныя пераломы і траўмы сярэдняй ступені цяжкасці», – гаворыцца ў заяве міністэрства.
Дзіцячы аздараўленчы лагер імя Марата Казея. (Фота: maratik.by)
Рэчыцкім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка. У прэс-рэлізе ведамства зазначаецца, што асаблівая ўвага будзе нададзена прычынам і ўмовам, якія пацягнулі за сабой гібель падлетка.
Паводле Рэчыцкага райвыканкаму, 14 ліпеня стыхія нанесла разбурэнні па ўсім раёне. Адбылося аварыйнае адключэнне высакавольтнай лініі электраперадачы, было парушана водазабеспячэнне. Мясцовыя ўлады заклікалі грамадзян выйсці на расчыстку сваіх двароў, вуліц і мікрараёнаў.
Нагадаем, Гомельскую вобласць 14 ліпеня накрылі ўраганы. У асобных раёнах Гомельшчыны парушана праца сістэмы электразабеспячэння. З-за моцнага ветру пашкоджаны дахі будынкаў і павалены дрэвы.
Беларуская чыгунка (БЧ) паведаміла, што навальніца і моцны вецер 14 ліпеня 2024 года прывялі да падзення дрэваў на чыгуначныя шляхі і лініі электразабеспячэння на ўчастках Калінкавічы-Жлобін, Калінкавічы-Жыткавічы, Калінкавічы-Славечна і Жлобін-Гомель. У выніку цягнікі цяпер ідуць з адхіленнем ад графіка руху прыкладна ад 1 гадзіны да 3 гадзінаў.