навіны

Што вядома пра замах на Доналда Трампа. Галоўнае

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Стралок быў рэспубліканцам, ягоныя матывы невядомыя.

На фаварыта прэзідэнцкай гонкі ў ЗША Доналда Трампа быў здзейснены замах падчас мітынгу ў горадзе Батлер у Пенсільваніі. Куля зачапіла правае вуха палітыка, ягонаму жыццю нічога не пагражае, аднак сярод удзельнікаў мітынгу ёсць ахвяры. Belsat.eu распавядае, што пра гэта вядома на дадзены момант.
Замах быў здзейснены падчас выступу Доналда Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў горадзе Батлер штат Пенсільванія. Пасля стрэлу палітык схапіўся за вуха і лёг на падлогу за трыбунаю. Да Трампа падбеглі супрацоўнікі Сакрэтнай службы, і яго эвакуявалі. Жыццю экс-прэзідэнта цяпер нічога не пагражае.


,,

«У мяне трапіла куля, прабіўшы верхнюю частку правага вуха. Пайшоў моцны крывацёк, і тады я зразумеў, што адбываецца», – напісаў пазней Трамп у сваёй сацсетцы «Truth Social».


У выніку страляніны адзін удзельнік мітынгу загінуў, два атрымалі цяжкія раненні. Стралка забілі. На месцы злачынства праваахоўнікі знайшлі паўаўтаматычную вінтоўку тыпу AR.
Паводле BBC, відавочцы загадзя заўважылі асобу з вінтоўкаю на даху прамысловага будынку. побач з месцам правядзення мітынгу.


,,

«Мы заўважылі, як хлопец паўзе па даху будынку побач з намі. У яго была вінтоўка, мы выразна яе бачылі. Мы паказваем на яго, кажам: там на даху хлопец з вінтоўкаю. Паліцыя бегала і не разумела, што адбываецца. Я думаю, чаму Трамп працягвае прамаўляць, чаму яны не вывялі яго са сцэны? І тут раздаецца пяць стрэлаў», – распавёў журналістам відавочца.


Паводле высновы аддзелу расследаванняў BBC Verify, паміж стралком і Трампам было каля 130 метраў.
ФБР назвала імя стралка, які здзейсніў замах на Трампа, – гэта 20-гадовы Томас Мэт’ю Крукс. Пра ягоныя матывы нічога невядома. Крукс нарадзінец Бетэл-Парку, што ў Пенсільваніі. У 2022 годзе скончыў сярэднюю школу, акрамя дыплома ён атрымаў «зорную прэмію» ад Нацыянальнай ініцыятывы па вывучэнні матэматыкі і прыродазнаўчых навук. У базе амерыканскіх выбарнікаў Крукс быў зарэгістраваны як прыхільнік рэспубліканцаў. На прэзідэнцкіх выбарах 2024 году ён упершыню мог узяць удзел у галасаванні. Да крымінальнай або адміністратыўнай адказнасці не прыцягваўся.
Калі журналісты CNN позна ўвечары звязаліся з бацькам Крукса, той сказаў, што цяпер спрабуе высветліць, «што, чорт вазьмі, адбываецца», але «пачакае, пакуль пагутарыць з праваахоўнымі органамі», перш чым казаць пра свайго сына.
Неўзабаве пасля замаху ў сацсетках стала распаўсюджвацца відэа, на якім нібыта Крукс кажа, што «ненавідзіць рэспубліканцаў, ненавідзіць Трампа». Аднак, хутчэй за ўсё, гэты ролік фэйкавы.
Фота, на якім акрываўлены палітык пасля замаху пераможна паднімае ўверх кулак на фоне амерыканскага сцяга, абляцела ўсе сусветныя медыі. Здымак у Злучаных Штатах ужо называюць культавым і гістарычным. «Гэты вобраз будзе вызначаць напружаную палітычную эпоху», – заўважыў рэпарцёр CNN Стывен Колінзан.
Шмат хто мяркуе, што факт замаху на Трампа дапаможа яму перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах восенню 2024 года. «Прэзідэнт Трамп перажыў гэты напад – ён толькі што выйграў выбары», – сказаў у кароткім інтэрв’ю выданню «Politico» кангрэсмен-рэспубліканец Дэрык Ван Ордэн. Іншыя рэспубліканцы былі не настолькі катэгарычныя, але многія з іх таксама кажуць пра тое, што здарэнне ў Пенсільваніі ўмацуе падтрымку Трампа сярод выбарнікаў.
Сам Трамп заклікаў амерыканцаў да адзінства і падзякаваў сваім прыхільнікам за падтрымку.


,,

«Мы не будзем баяцца, а замест гэтага застанемся ўстойлівымі ў нашай веры і непакорлівымі перад тварам зла», – напісаў ён у новым звароце ў сацсетцы Truth Social.


Замах на Трамп стаў падставай для жорсткай крытыкі Сакрэтнай службы, якая, паводле закону, павінна ахоўваць экс-прэзідэнта пажыццёва. Праз некалькі гадзін пасля нападу Камітэт па наглядзе Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, які ўзначальвае рэспубліканцы, выклікаў дырэктара Сакрэтнай службы ЗША для дачы паказанняў на слуханнях, прызначаных на 22 ліпеня. Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск заклікаў кіраўніцтва Сакрэтнай службы пайсці ў адстаўку.
Напад на Трампа асудзіў дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. На прэс-канферэнцыі Байдэн заявіў, што «ў Амерыцы няма месца такому гвалту», і назваў замах на Трампа агідным:


,,

«Мы не можам дапусціць, каб такое здаралася. Мы не можам быць такімі».


Замах таксама асудзілі многія сусветныя лідары, уключаючы канцлера ФРГ Оляфа Шольца і прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пажадаў Трампу выздараўлення і выказаў спачування ахвярам страляніны. Ён зазначыў, што гвалту няма апраўдання.


,,

З жахом дізнався про стрілянину по колишньому Президенту США Дональду Трампу під час його передвиборчого мітингу в Пенсильванії. Такому насильству немає виправдань та не повинно бути місця будь-де у світі. Насильство ніколи не має перемагати. Я радий дізнатися, що Дональд… — Volodymyr Zelenskyy / Володимир Зеленський (@ZelenskyyUa) July 14, 2024


Аналагічным чынам пракаментавала сітуацыю абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская: «Я шакаваная навіной аб нападзе на Доналда Трампа. Любы гвалт непрымальны і зʼяўляецца сродкам разбурэння дэмакратычных прынцыпаў. Я жадаю прэзідэнту Трампу скарэйшага акрыяння».


,,

Shocked by the news of the attack on @realDonaldTrump. Any kind of violence is unacceptable and has been a means to destroy democratic principles. I wish President Trump a speedy recovery. — Sviatlana Tsikhanouskaya (@Tsihanouskaya) July 13, 2024


Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў усклаў адказнасць за замах на Трампа на адміністрацыю Байдэна.


,,

«Атмасфера, якая гэтай адміністрацыяй была створана падчас палітычнай барацьбы, атмасфера вакол кандыдата Трампа справакавала тое, з чым сёння сутыкнулася Амерыка», – заявіў Пяскоў.


Аляксандр Лукашэнка пакуль не рабіў заяваў наконт апошніх падзеяў.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10