Латвія перастане пускаць легкавыя машыны, зарэгістраваныя ў Беларусі, з 16 ліпеня
15.07.2024, 12:16
Латышская мяжа. (Крыніца: vid.gov.lv)
podpis źródła zdjęcia
У некаторых выпадках пры парушэнні забароны легкавік могуць нават канфіскаваць.
У Латвію нельга будзе ўехаць на легкавым аўтамабілі з беларускімі нумарамі праз беларуска-латышкія і расейска-латышскія пункты пропуску з 16 ліпеня. Пра гэта паведамляе Служба дзяржаўных даходаў Латвіі. З ЕЗ можна будзе вярнуцца ў Беларусь на аўце, калі яно не задэклараванае як тавар.
Латышская мяжа. (Крыніца: vid.gov.lv)
Гэта вынікі 8-га пакету санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні Беларусі.
«Каб знізіць рызыкі абыходу санкцыяў, Еўрапейскі Звяз у значнай ступені прывёў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні Беларусі, у адпаведнасць з санкцыямі, уведзенымі ў дачыненні Расеі, прыняўшы 8-ы пакет санкцыяў супраць Беларусі.
Цяпер забаронены імпарт з Беларусі тавараў, якія дазваляюць Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы даходаў, што дае ёй магчымасць удзельнічаць у расейскай агрэсіі супраць Украіны, калі гэтыя тавары паходзяць з Беларусі або экспартуюцца з Беларусі», – адзначае Служба дзяржаўных даходаў Латвіі.
У лік гэтых тавараў уваходзяць легкавыя аўтамабілі.
Забарона на ўезд не распаўсюджваецца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстання дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі, у тым ліку дэлегацыямі, пасольствамі і місіямі падчас іх перамяшчэння.
Іншыя асобы, якія падарожнічаюць на транспартным сродку, зарэгістраваным у Беларусі, не змогуць уехаць у ЕЗ на гэтым транспартным сродку пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Латвійскай Рэспублікі. Асоба з транспартным сродкам, зарэгістраваным у Беларусі, павінна будзе вярнуцца з пункту перасячэння мяжы ў краіну, з якой яна мела намер уехаць у Латвію.
,,
«Калі асоба адмаўляецца выконваць указанні мытных органаў, у тым ліку вярнуцца ў Беларусь або Расею, то можа быць прынятае рашэнне аб канфіскацыі транспартнага сродку згодна з заканадаўствам у мытнай сферы.
Асобам будзе дазволена вяртацца з ЕЗ у Беларусь з легкавымі аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Беларусі, пры ўмове, што яны не задэклараваныя як тавары і выкарыстоўваюцца толькі ў якасці транспартнага сродку», – падкрэслівае Служба дзяржаўных даходаў Латвіі.
Таксама пашыраныя забароны на транспартныя зносіны.
«Раней любой аўтатранспартнай кампаніі, створанай у Беларусі, было забаронена ажыццяўляць аўтаперавозкі, у тым ліку транзітныя, на тэрыторыі ЕЗ. З 1 ліпеня 2024 года забарона таксама распаўсюджваецца на транспартаванне грузаў па тэрыторыі ЕЗ аўтатранспартнымі прадпрыемствамі з выкарыстаннем прычэпаў або паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, у тым ліку калі гэтыя прычэпы або паўпрычэпы буксіруюць грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў іншых краінах», – заключае Служба дзяржаўных даходаў Латвіі.
Праект «Мотолько помоги» сцвярджае, што на такія ж абмежаванні ў дачыненні Беларусі пайшла Эстонія.