GRC: Большасць дапушчаных да Алімпіяды спартоўцаў з РФ і Беларусі падтрымліваюць вайну
18.07.2024, 08:23
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: International Olympic Committee / IOC MEDIA / Flickr)
podpis źródła zdjęcia
…або маюць сувязі з сілавымі структурамі.
Паводле праваабарончай арганізацыі «Global Rights Compliance», больш за палову расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якім дазволена браць удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы, маюць сувязі з сілавымі структурамі або падтрымліваюць вайну ва Украіне. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: International Olympic Committee / IOC MEDIA / Flickr)
Паводле дакладу праваабаронцаў «Global Rights Compliance», 33 з 59 спартоўцаў парушалі рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту наконт удзелу ў Гульнях.
Прэзідэнт арганізацыі Ўэйн Джордаш сказаў, што МАК у чэрвені атрымаў ягоны ліст, у якім выказвалася занепакоенасць, але не стаў абмяркоўваць гэтага пытання, а таксама праігнараваў яшчэ два лісты.
Паводле Джордаша, МАК «фактычна адмывае сваю пазіцыю ў спорце», не выкарыстоўвае належным чынам устаноўленых ім правілаў, што вызначаюць, якія расейскія і беларускія спартоўцы могуць выступаць у Парыжы:
,,
«Калі б яны не выступілі з гэтымі прынцыпамі і не прасоўвалі іх, пазіцыя МАК была б менш абуральная».
У справаздачы праваабаронцаў згадваецца, што 12 спартоўцаў маюць сувязі з вайсковымі і сілавымі структурамі праз такія органы, як Цэнтральны спартовы клуб арміі (ЦСКА), установа, падпарадкаваная Міністэрству абароны Расеі. Было выяўлена, што 13 асобаў ставілі падабайкі або рабілі рэтўіты ў сацыяльных сетках адносна праваенных ці антыўкраінскіх допісаў.
На дзень 18 ліпеня вядома прынамсі пра 16 беларускіх спартоўцаў, якія возьмуць удзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Яны будуць выступаць без сцяга і гімну. Канчаткова спіс, каго дапусцяць да спаборніцтваў, будзе вядомы 20 ліпеня пасля разгляду ў Алімпійскім камітэце пытанняў пра ўдзел нейтральных атлетаў у летніх Гульнях.