Раней ён дапускаў, што можа выйсці з прэзідэнцкай гонкі ў выпадку праблемаў са здароўем.
Прэзідэнт Джо Байдэн захварэў, тэст на Covid-19 даў станоўчы вынік. Пра гэта палітык паведаміў на афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы X.
,, I tested positive for COVID-19 this afternoon, but I am feeling good and thank everyone for the well wishes. I will be isolating as I recover, and during this time I will continue to work to get the job done for the American people. — President Biden (@POTUS) July 17, 2024
«Сёння днём я атрымаў станоўчы вынік тэсту на Covid-19, але адчуваю сябе добра і дзякую ўсім за добрыя зычэнні. Я буду ў ізаляцыі, пакуль не акрыяю, і ў гэты час буду працягваць працаваць, каб выканаць працу для амерыканскага народу», – заявіў Джо Байдэн.
Паводле CNN, хвароба сарвала адну з ключавых захадаў перадвыбарчай кампаніі ў Лас-Вэгасе, дзе Байдэн мусіў заручыцца падтрыманнем выбарнікаў лацінаамерыканскага паходжання.
Паведамляюць, што 81-гадовы прэзідэнт ЗША вакцынаваны, у яго назіраюцца лёгкія сімптомы хваробы.
Нагадаем, што пасля няўдалага выступу ў першым раўндзе перадвыбарчых дэбатаў сярод прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі не сціхаюць заклікі зняць кандыдатуру Джо Байдэна з прэзідэнцкіх выбараў, што маюць адбыцца ўвосень. У аднапартыйцаў нараканні выклікае фізічны стан дзейнага прэзідэнта.
На гэтым тыдні Байдэн дапусціў, што можа адмовіцца ад удзелу ў выбарах паводле медычных паказнікаў.
Выданне «Politico» зазначае, што хвароба Байдэна можа паглыбіць занепакоенасць дэмакратаў наконт ягонай кандыдатуры. «Час для гэтага не можа быць горшым, – сказаў прадстаўнік Дэмакратычнай партыі, праінфармаваны пра дыскусіі ў Белым доме. – Гэта нагадвае ўсім, колькі гадоў Джо Байдэну».
Глеб Нержын belsat.eu