навіны

Цалкам адноўленае электразабеспячэнне ў Магілёўскай вобласці. У Гомельскай работы працягваюцца

Ліквідацыя наступстваў урагану. (Фота: Minenergo_by / Telegram)
Ліквідацыя наступстваў урагану. (Фота: Minenergo_by / Telegram)
podpis źródła zdjęcia

У населеныя пункты пачалі дастаўляць дызельныя генератары.

Станам на раніцу 17 ліпеня цалкам адноўленае электразабеспячэнне населеных пунктаў у Магілёўскай вобласці. У Гомельскім рэгіёне, што найбольш пацярпеў ад урагану ў нядзелю 14 ліпеня, работы яшчэ працягваюцца, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Ліквідацыя наступстваў урагану. (Фота: Minenergo_by / Telegram)
Ліквідацыя наступстваў урагану. (Фота: Minenergo_by / Telegram)
У Магілёўскай вобласці цалкам адноўленыя ўсе лініі электраперадачы 35 кВ і вышэй. Паводле заявак спажыўцоў яшчэ вядуцца работы на лініях 0,4 кВ – іх абяцаюць скончыць цягам дня.
У Гомельскай вобласці за ноч аднавілі электразабеспячэнне 114 населеных пунктаў, сярод іх усе раённыя цэнтры. Станам на раніцу 17 ліпеня работы працягваліся яшчэ ў 494 населеных пунктах, былі задзейнічаныя 197 брыгадаў.
Пакуль вядуцца рамонтныя работы, мясцовыя ўлады размясцілі ў населеных пунктах перасоўныя дызельныя генератары – 90 ужо задзейнічаныя, яшчэ 28 плануюць даставіць у рэгіён у найбліжэйшы час.


,,

«Сумесна з аблвыканкамам і МНС распрацоўваюцца пытанні прыцягнення дадатковай колькасці дызельных генератараў», – паведамляе прэс-служба.


Агулам плануецца ўстанавіць генератары ў 169 населеных пунктах, пацярпелых ад урагану.
Міністэрства абароны абвясціла, што накіруе ў Гомельскую вобласць 100 вайскоўцаў для дапамогі ў ліквідацыі наступстваў стыхіі.
Работы на ліквідацыі наступстваў непагадзі праводзяцца таксама на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку.
У Гомельскай вобласці працягваюцца навальніцы з дажджом і моцным ветрам, што ўскладняе рамонтныя працы. Энергетыкі папярэджваюць, што непагадзь, якую сіноптыкі абяцаюць і на сераду 17 ліпеня, можа зноў выклікаць адключэнні электрычнасці.
Некалькі рэгіёнаў Беларусі пацярпелі ад ураганных вятроў 13 – 14 ліпеня. Шасцёра чалавек загінулі. Шмат населеных пунктаў засталіся без электрычнасці і водазабеспячэння.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10