«Прынамсі мы не прапусцім нашага самалёта, бо вы пасадзілі ўсе самалёты».
Ранкам 19 ліпеня ўва ўсім свеце пачалі даваць збой некаторыя камп’ютары: аперацыйная сістэма «Windows» выдае «сіні экран смерці». Праз гэта, расказвае Бі-Бі-Сі, пацярпелі авіякампаніі, банкі і сістэмы аплаты. Падазраюць у збоі праграму кампаніі «CrowdStrike», якая мусіла бараніць ад кібератак.
Прынамсі тры амерыканскія авіялініі пасадзілі ўсе свае самалёты, затрыманні ёсць таксама ў аэрапорце ў аўстралійскім Сіднэі, перадае «The New York Times». Брытанскі тэлеканал «Sky News» адключаў трансляцыю. Праблемы назіраюцца па ўсім свеце, пра «сіні экран смерці» паведамляюць нават з Непалу. Збой закранае сістэмы аплаты, звычайныя крамы і бензастанцыі, інтэрнэт-правайдараў і як мінімум адзін парламент.
«Прынамсі мы не прапусцім нашага самалёта, бо вы пасадзілі ўсе самалёты», – жартуе карыстальнік X.
,, Hell yea @Delta everyone is angry and confused. At least we won’t miss our flight since you’ve grounded them all pic.twitter.com/qPYuUMc6f1 — Matt (@HanselFranzel) July 19, 2024
Паводле «Euronews», праблема можа датычыць сэрвісаў «Microsoft’s Azure» і «Office365». Але «The Register» упэўнены, што праблему выклікае абнаўленне праграмы «CrowdStrike». Кампанія ведае пра імаверныя праблемы, ёй прапануюць рашэнні, якія, праўда, дапамагаюць не ўсім карыстальнікам.
«CrowdStrike» – буйная IT-кампанія з Тэхасу. Адзін з заснавальнікаў – былы супрацоўнік Федэральнага бюро расследаванняў Злучаных Штатаў. Кампанія надае абарону ад кібератак і дапамагае ўладам ЗША змагацца з кітайскімі, паўночнакарэйскімі і расейскімі хакерамі. У Штатах была распаўсюджаная канспіралагічная тэорыя наконт удзелу «Crowdstrike» ці то ва ўзломе сервераў Дэмакратычнай партыі на замову Украіны, ці то ва ўтойванні сакрэтаў пра ўзлом, які яна расследавала. Канспіралагічную тэорыю не раз зняпраўджвалі, але яна раз за разам адраджалася і мянялася.
Алесь Наваборскі belsat.eu