Затрыманы ў Варшаве мужчына са зброяй – вядомы гарадзенскі музыка Ігар Б.
17.07.2024, 11:08
Затрыманы ў Варшаве Ігар Б. (Крыніца: mostmedia.io)
podpis źródła zdjęcia
Ён цяпер у паліцыі, сябры шукаюць адваката.
Беларус, якога 16 ліпеня затрымалі ў Варшаве са зброяй, – знаны музыка з Горадні Ігар Б., піша «Most» са спасылкаю на сяброў мужчыны. Ігару 44 гады, што супадае з векам затрыманага. Называць прозвішча цалкам нельга паводле польскага заканадаўства.
Затрыманы ў Варшаве Ігар Б. (Крыніца: mostmedia.io)
Сябры Ігара цяпер спрабуюць высветліць ягоны лёс і шукаюць адваката. Тэлефон беларуса на сёння недасяжны, у сацыяльных сетках онлайн ён апошні раз быў содні таму.
Цяпер Ігар у паліцыі. Прэс-сакратар паліцэйскай камендатуры варшаўскага раёну Сьрудмесьце Якуб Пацыняк паведаміў выданню «Most», што 17 ліпеня матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру. Імя затрыманага ён называць адмовіўся.
16 ліпеня з будынку Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек. Вуліцу, на якой месціцца ведамства, ачапіла паліцыя. Як пазней высветлілася, нагодаю сталася затрыманне беларуса, у якога ў торбе знайшлі небяспечныя прадметы: газ, нож, тэлескапічную дубінку і, імаверна, шумавую зброю. Мужчына паводзіў сябе спакойна і нікому не пагражаў.
Ігара Б. раней ужо затрымлівалі ў Польшчы. Ён часта насіў з сабой зброю, бо меркаваў, што яна можа прыдацца дзеля самаабароны, зазначае «Most».