У Ізраілі пры выбуху дрона загінуў рэпатрыянт з Беларусі
19.07.2024, 16:11
Яўген Пардэр. (Крыніца: vesty.co.il)
podpis źródła zdjęcia
Мужчына загінуў ва ўласным ложку.
У ноч на 19 ліпеня ў Ізраілі падчас атакі беспілотніка загінуў рэпатрыянт з Беларусі Яўген Пардэр, паведамляе ізраільскае выданне «Детали».
Яўген Пардэр. (Крыніца: vesty.co.il)
Яўген Пардэр пераехаў у Ізраіль каля двух гадоў таму і працаваў рамонтнікам у гатэлі, у які ўрэзаўся іранскі дрон.
Ратавальнікі знайшлі мужчыну ў ложку праз дзве гадзіны пасля атакі. Але, на жаль, ён быў ужо нежывы. Ягоную смерць канстатавалі на месцы.
Як пішуць мясцовыя медыі, у Ізраілі ў загінулага засталіся маці і сястра.
Паводле заяваў ВПС Ізраілю, беспілотнік, які атакаваў Тэль-Авіў, быў прыкмечаны, але не перахоплены ў выніку чалавечай памылкі. Таксама не спрацаваў сігнал трывогі.
Як пазней паведаміла прэсавая служба Цагалю, дрон «Samad-3», які выбухнуў у Тэль-Авіве, быў выраблены ў Іране і прайшоў мадэрнізацыю. Гэтая мадэль дрона здольная пераадольваць адлегласць да 1600 кіламетраў і пераносіць да 40 кілаграмаў грузу.