Рэкорд: у чэрвені ў Беларусі пабудавалі найбольшую з пачатку года колькасць кватэраў
21.07.2024, 07:23
Шматкватэрны дом у Польшчы (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Траціна ўсяго пабудаванага з пачатку года жытла – у вясковай мясцовасці.
Больш за ўсё квадратаў пабудавалі ў Менскай вобласці. Менш за ўсё – у Віцебскай. Пры гэтым траціна ўсяго пабудаванага з пачатку года жытла прыпадае на сельскую мясцовасць.
Шматкватэрны дом у Польшчы (Фота: Белсат)
Са студзеня да чэрвеня 2024 года ў Беларусі пабудавалі 18,3 тыс. новых кватэраў. Пры гэтым, мяркуючы са звестак, што падае Белстат, толькі ў чэрвені было пабудавана 5,6 тыс. з іх. Калі параўноўваць гэтыя лічбы з папярэдняй агучанай статыстыкай, выходзіць, што чэрвеньскія паказнікі будавання жытла – рэкордныя.
Для параўнання: апошні максімум быў зафіксаваны ў сакавіку гэтага года, калі ў краіне было пабудавана 4,6 тыс. новых кватэраў. Усе астатнія месяцы гэтага года тэмпы будавання былі ў разы меншыя: у студзені і лютым, напрыклад, узводзілі па 1,8 тыс. кватэраў, у красавіку і траўні – крыху больш за 2 тыс.
Усяго ж з пачатку 2024 года ў краіне ўвялі ў эксплуатацыю 1687,5 тыс. кв. м агульнай плошчы жытла. Больш за ўсё пабудавалі на Меншчыне (459 тыс. кв. м), менш за ўсё – у Віцебскай вобласці (137 тыс. кв. м). Самую вялікую долю жытла, што будуецца з дзяржаўным падтрыманнем, мае Берасцейшчына (94,2 тыс. кв. м).
Яшчэ адная цікавая тэндэнцыя: каля траціны новага жытла пабудавалі ў вясковай мясцовасці.