«Думаем пра фармат ваеннага часу». Пра непагадзь у Беларусі будуць апавяшчаць сірэнамі
20.07.2024, 20:50
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: vgr.by)
podpis źródła zdjęcia
Яны будуць імгненна ўключацца пры ўраганных вятрах.
Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць 20 ліпеня загадаў «у карані змяніць сістэму апавяшчэння» – замест СМС-рассылкі ўвесці амаль ваенны фармат – гучныя сірэны.
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: vgr.by)
Паводле Дзмітрыя Крутога, СМС-рассылкі з папярэджаннямі ад МНС «выклікаюць у грамадзянаў усмешку» і агулам «гэтая сістэма неэфектыўная», таму для мінімізацыі наступстваў непагадзі трэба перагледзець сістэму апавяшчэння грамадзянаў пра небяспеку.
,,
«Таму мы з калегамі з МНС думаем фактычна пра фармат ваеннага часу – апавяшчальнікі, гучныя сірэны, якія будуць імгненна ўключацца пры такіх ураганных вятрах і патэнцыйна бачных страшных з’явах. І людзі будуць разумець, што трэба бегчы ў сховішча», – сказаў прадстаўнік Адміністрацыі Лукашэнкі.
Галоўны сэнс такіх мераў, паводле Дзмітрыя Крутога, – уратаваць людзей, бо наступствам нядаўняга ўрагану ў Беларусі сталі чалавечыя жыцці.
13 – 14 ліпеня па Беларусі пракацілася хваля навальніц з моцным ветрам. У выніку падзення дрэваў і абрынання канструкцыяў загінулі шасцёра асобаў, у тым ліку двое дзяцей. 15 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Шмат населеных пунктаў засталіся без электрычнасці, бура выклікала перабоі з водазабеспячэннем і мабільнай сувяззю. Былі зафіксаваныя больш за 1200 выпадкаў падзення дрэваў, пашкоджаныя дахі больш 700 жылых дамоў.
Станам на 20 лютага электразабеспячэнне адноўленае не паўсюль, на ліквідацыю ўсіх наступстваў пойдзе не менш за месяц, кажа Мінэнерга.