Славакія і Вугоршчына спыняюць пастаўкі нафты праз «Дружбу». Гэта стане ўдарам для «Гомельтранснафты»
20.07.2024, 18:02
«Гомельтранснафта». (Фота: transoil.by)
podpis źródła zdjęcia
Істотна зменшацца агульныя аб’ёмы прапампоўкі нафты праз Беларусь.
Міністэрства замежных справаў Вугоршчыны і міністэрства эканомікі Славакіі заявілі, што краіны спыняюць пастаўкі расейскай нафты праз паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», якая праходзіць праз Гомельскую вобласць, піша гомельскае выданне «Флагшток».
«Гомельтранснафта». (Фота: transoil.by)
Спыненне звязанае з узмацненнем украінскіх санкцыяў супраць расейскай кампаніі «Лукойл».
Славакія і Вугоршчына працягнуць атрымліваць нафту ад іншых кампаніяў, спыненне закране толькі «Лукойл». Пры гэтым, на дадзены момант транспарціроўка ідзе ў планавым рэжыме, бо нафта, якая цяпер транспартуецца, не належыць «Лукойлу», пракаментаваў сітуацыю ўкраінскі аператар нафтаправоду «Укртранснафта».
Магчымае блакаванне транзіту расейскай нафты па «Дружбе» мае ключавое значэнне для беларускага аператара нафтаправоду «Гомельтранснафты».
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны аб’ём прапампоўкі нафты праз тэрыторыю Беларусі скараціўся амаль у 8 разоў. У 2023 годзе па беларускай частцы нафтаправоду пастаўлялася прыкладна 1,2 мільёны тон казахстанскай нафты ў кірунку Нямеччыны і 5 мільёнаў тон у кірунку Вугоршчыны і Славакіі.
У 2024 годзе аб’ём прапампоўкі нафты ў бок Славакіі і Вугоршчыны скараціўся да 1,1 мільёнаў тон. Калі гэтыя краіны спыняць транзіт, у «Гомельтранснафты» застанецца толькі 1,2 мільёнаў тон казахстанскай нафты. Гэта ўсяго 2,6% ад 45,5 мільёнаў тон нафты, якая была пракачаная праз нафтаправод у Еўропу ў 2020 годзе.