У Беларусь паставілі «Lamborghini», «Porsche», «Mercedes» і «Bentley» на мільёны долараў
навіны
З’явілася відэа люксавых машынаў, што завезлі з Латвіі і Літвы ў абыход санкцыяў

podpis źródła zdjęcia
Выданне «Motolko.help» апублікавала відэа і фота машынаў, што прыбылі ў Воршу чыгункай з Літвы і Латвіі ў абыход санкцыяў. У Беларусь паставілі «Lamborghini», «Porsche», «Mercedes» і «Bentley» на мільёны долараў.
Машыны цягам апошніх двух тыдняў прывозілі чыгункай са станцыі «Грыва» на латвійска-літоўскай мяжы на станцыю «Ворша-Заходняя», сцвярджае «Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў».
Паводле яе, здабытыя дакументы пацвярджаюць, што кіраўніцтва Беларускай чыгункі на ўсіх узроўнях ведае пра «шэрыя схемы», за якімі стаіць «гаманец Лукашэнкі» Аляксей Алексін і ягоная кампанія «Энерга-Оіл» як атрымальнік грузаў у Беларусі. Далей люксавыя машыны мелі быць пастаўленыя ў Расею.
Адпраўнік грузу, сцвярджаюць чыгуначнікі, – гэта латвійская кампанія «Alpik Cargo». З літоўскага боку ў схеме бярэ ўдзел кампанія «Autorail Cargo», з расейскага – «ТрансАльянс-Цэнтр», з беларускага – ужо згаданая «Энерга-Оіл», з казахстанскага (запасны маршрут) – «Фортэкс».
«Motolko.help» абураецца тым, што Латвія і Літва ўводзяць забарону на ўезд у Еўразвяз машынаў беларускімі нумарамі са спасылкай на санкцыі, тады як санкцыі без праблемаў абыходзяць, прычым ужо даўно.
Алесь Наваборскі belsat.eu