Сярэдняя велічыня падтрымкі – 52 рублі. Колькі заплаціў «Белдзяржстрах» пасля ўрагану?
22.07.2024, 18:41
Наступствы ўрагану ў Мазыры. (Фота: mozyr_news / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
«Колькасць заяў на пакрыццё ўрону перавысіла 7500», – паведамляюць мясцовыя ўлады.
За тры дні пасля ўрагану арганізацыі «Белдзяржстраха» выплацілі пацярпелым каля 390 тысяч рублёў, паведамляе адзін з самых прадуктыўных праўладных тэлеграм-каналаў «Гомельшчына афіцыйна».
Наступствы ўрагану ў Мазыры. (Фота: mozyr_news / Telegram)
«Колькасць заяў на пакрыццё ўрону перавысіла 7500. Аднак паток зваротаў ужо пачаў спадаць. Таму з сённяшняга дня аддзяленні «Белдзяржстраху» працуюць штодня да 20:00», – паведамляюць мясцовыя ўлады.
Нескладана падлічыць, што сярэдняя велічыня дапамогі ад дзяржавы для пацярпелых ад стыхіі зараз складае 52 рублі (каля 16,5 долараў).
Нагадаем, дзяржава вырашыла дапамагаць не ўсім сваім грамадзянам, якія пацярпелі ад буянства стыхіі, а толькі маламаёмасным, заўважыў «Штодзень Гомель». Астатнім будуць змагацца з наступствамі самастойна або з дапамогай страхоўкі (калі яна была). Напрыклад, права на дапамогу маюць толькі тыя жыхары Мазыра, у каго даход на аднаго члена сям’і не перавышае 628 рублёў.
У выніку стыхійнага бедства, якое накрыла Гомельскую вобласць у сярэдзіне ліпеня, загінулі шэсць чалавек, уключаючы двух дзяцей. Пацярпелі каля 600 населеных пунктаў, упалі сотні дрэў. Гэта найбуйнейшае стыхійнае бедства апошняга часу для Беларусі. Пры гэтым у першыя дні ліквідавалі яго мясцовыя ўлады вельмі павольна, а Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на бедства толькі на трэція суткі.