Ува ўсе населеныя пункты Гомельскай вобласці далі электрычнасць пасля ўрагану, што быў тыдзень таму
22.07.2024, 10:55
Belsat
podpis źródła zdjęcia
Аднак у асобных дамах святла няма і частка энергаспажыўцоў жыве з дызель-генератарамі.
У Гомельскай вобласці далі электрычнасць у апошні населены пункт, дзе былі перабоі з прычыны ўрагану 14 ліпеня. Ува ўсіх населеных пунктах аднавілі электразабеспячэнне да поўначы 21 ліпеня, аднак частка электраэнергіі пакуль паступае ад дызель-генератараў. Пра гэта паведамляе Мінэнерга. Таксама асобныя дамы ўсё яшчэ без электрычнасці.
Лініі электраперадачы на заходзе. (Фота: Белсат)
А 23:48 21 ліпеня электраэнергія пайшла ў вёску Старая Рудня. Гэта апошняе месца, дзе фіксаваліся няспраўнасці і не было электрычнасці. Працягваюцца работы над пераводам населеных пунктаў, падключаных ад дызель-генератараў, у штатны рэжым электразабеспячэння, адзначае Мінэнерга.
Паводле тэлеграм-канала «Гомельщина официально», раніцай 22 ліпеня 61 населены пункт падлучаны пакуль да дызель-генератараў.
,,
«Не падлучанымі да сеткі на месцах застаюцца толькі асобныя домаўладанні, гэтая праблема аператыўна развязваецца. Магчымыя таксама адключэнні там, дзе электразабеспячэнне адноўленае, – на гадзіну ці паўтары. Грамадзяне мусяць ставіцца да гэтага з разуменнем», – пішуць у тэлеграм-канале гомельскія чыноўнікі.
Той жа канал паведаміў 21 ліпеня, што працягваецца работа, накіраваная на ліквідацыю наступстваў непагадзі. Прычым у гэтым задзейнічаны не толькі спецыялісты, але і добраахвотнікі.
«Каля 24 тысячаў добраахвотнікаў працягваюць спілоўваць дрэвы, разбіраць завалы галінак, добраўпарадкаваць паркі, скверы і двары шматкватэрных дамоў. Гледзячы на дарослых, да дапамогі ў расчышчэнні населеных пунктаў падключаюцца дзеці», – піша «Гомельщина официально».
Падобная практыка і ў Менскім раёне. Прэс-служба МУС распавяла, што там з наступствамі непагадзі змагаюцца ўнутраныя войскі.