навіны

«У інтарэсах маёй партыі і краіны». Джо Байдэн адмовіўся ад удзелу ў выбарах прэзідэнта ЗША

Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гэрыс і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. (Фота: JoeBiden / X.com)
Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гэрыс і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. (Фота: JoeBiden / X.com)
podpis źródła zdjęcia

Кандыдаткаю ад Дэмакратычнай партыі, імаверна, будзе віцэ-прэзідэнтка Камала Гэрыс.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвесціў, што адмаўляецца ад удзелу ў наступных выбарах кіраўніка дзяржавы. Адпаведную заяву апублікавалі ў акаўнце палітыка ў сацсетцы X.com. Байдэн падтрымаў віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс у якасці кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі.
Джо Байдэн (Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook)
Джо Байдэн (Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook)


,,

«Для мяне было вялікім гонарам служыць вашым прэзідэнтам. І хаця я намагаўся дабівацца пераабрання, я лічу, што ў інтарэсах маёй партыі і краіны я мушу пайсці ў адстаўку і засяродзіцца толькі на выкананні абавязанняў прэзідэнта цягам тэрміну, што застаўся», – паведамляецца ў адмысловай заяве Джо Байдэна.


Ён паабяцаў цягам тыдня ў звароце да нацыі расказаць пра свае матывы больш падрабязна.
Байдэн таксама падзякаваў усім паплечнікам, якія працавалі з ім падчас перадвыбарчай гонкі:
«Хачу падзякаваць віцэ-прэзідэнтцы Камале Гэрыс за тое, што яна была выдатнай партнёркай у гэтай працы. Дазвольце мне выказаць шчырую ўдзячнасць амерыканскаму народу за веру і давер, якія вы аказалі мне».


,,

pic.twitter.com/RMIRvlSOYw — Joe Biden (@JoeBiden) July 21, 2024


Акрамя таго, у сваёй заяве прэзідэнт Злучаных Штатах падкрэсліў, што «за апошнія тры з паловаю гады мы дамагліся агромністага прагрэсу як нацыя» і што амерыканская эканоміка сёння – «самая моцная ў свеце»:
«Разам мы пераадолелі пандэмію і самы цяжкі эканамічны крызіс з часоў Вялікай дэпрэсіі. Мы абаранілі і захавалі нашую дэмакратыю. Мы адрадзілі і ўмацавалі нашыя саюзы па ўсім свеце».
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. (Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. (Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook)
Пры гэтым Байдэн падтрымаў віцэ-прэзідэнтку Камалу Гэрыс у якасці кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі на выбарах:


,,

«Сёння я хачу цалкам падтрымаць і ўхваліць кандыдатуру Камалы ад нашай партыі сёлета. Дэмакраты, надышоў час аб’яднацца і перамагчы Трампа. Давайце зробім гэта».


Байдэн таксама назваў сваёй «найлепшай пастановаю» выбраць у свой час Камалу Гэрыс віцэ-прэзідэнткаю.
На пастанову Байдэна адмовіцца ад удзелу ў выбарах ужо адрэагаваў кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Доналд Трамп. У размове з тэлеканалам CNN ён назваў цяперашняга прэзідэнта «найгоршым у гісторыі краіны» і сказаў, што Камалу Гэрыс яму будзе лягчэй перамагчы, чым Байдэна.
Размовы пра здольнасць Джо Байдэна працягваць перадвыбарчую кампанію пачаліся пасля ягоных дэбатаў з Трампам. Прэзідэнт ЗША выглядаў стомленым і забыўлівым. Яго пачалі заклікаць адмовіцца ад кампаніі на карысць іншага кандыдата, буйныя спонсары замарозілі фінансаванне Дэмакратычнай партыі.
Спачатку Байдэн адкідаў усе такія прапановы, сцвярджаў, што здолее перамагчы Трампа і што ягоны фізічны стан у норме, і казаў, што здыме кандыдатуру, толькі калі «Бог Усёмагутны спусціцца і скажа гэта».
Дэмакратычная партыя мае абраць суперніка Трампа на з’ездзе, што плануецца напрыканцы жніўня ў Чыкага.
Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца 5 лістапада.
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10