Беларускія хакеры атакуюць дзяржаўныя ўстановы Украіны
24.07.2024, 14:44
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: vpnranks.com)
podpis źródła zdjęcia
Усплёск іх актыўнасці прыпаў на 12 – 18 ліпеня.
Хакеры з Беларусі здзяйсняюць атакі на праектныя офісы і органы мясцовага самакіравання ва Украіне. Пра гэта паведамляе ўкраінская Дзяржаўная служба спецыяльнай сувязі і абароны інфармацыі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: vpnranks.com)
Паводле яе інфармацыі, урадавая каманда рэагавання CERT-UA зафіксавала ўсплёск актыўнасці беларускай хакерскай групоўкі UAC-0057 з 12 да 18 ліпеня.
Паведамляецца, што хакеры выкарыстоўваюць тыповую для іх камбінацыю праграмы-шкодніка «PICASSOLOADER» і бэкдора «Cobalt Strike Beacon», што рассылаліся з дапамогай дакументаў-прынадаў, унутры якіх змяшчаліся шкодныя макрасы.
Такую актыўнасць аўтары паведамлення тлумачаць цікавасцю хакераў да фінансава-эканамічных паказнікаў, падаткаў, а таксама рэформаў органаў мясцовага самакіравання.
Адметна, што UAC-0057 – гэта ўнутрыўкраінскае абазначэнне хакерскай групоўкі, больш вядомай як «Ghostwriter». Гэтая групоўка не ўпершыню займаецца кампаніямі ўзлому і дэзынфармацыі ў краінах Заходняй Еўропы, Украіны, а таксама Калумбіі. Так, менавіта яны здзейснілі масавую кібератаку на ўкраінскія ўрадавыя сайты і сэрвісы напярэдадні пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну.
Дзейнасць групоўкі «Ghostwriter», як адзначаюць шматлікія аналітыкі, цесна звязаная з беларускімі ўладамі. У сферу яе інтарэсаў уваходзяць краіны з перыметру Беларусі (акрамя Расеі). У Беларусі яна здзяйсняла атакі на незалежныя СМІ і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.