За падтрыманне палка Каліноўскага і за вызваленне Беларусі, не супраць дэмакратычных сілаў.
Прадстаўнікі палка імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе на баку Украіны, і руху «Каліноўцы» 24 ліпеня далі брыфінг, на якім расказалі пра новую арганізацыю: яна за падтрыманне палка і вызваленне Беларусі, не супраць дэмакратычных сілаў.
На прэс-канферэнцыі пра стварэнне руху выступілі былы камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў (якога прэзентуюць як аднаго з заснавальнікаў і лідараў «Каліноўцаў»), намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук, палітычны прадстаўнік палка Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі і кіраўнік праекту «Беларускі дрон» Ігар Турцэвіч.
Кабанчук нагадаў гісторыю палка Каліноўскага: з беларускай роты пры Тэрытарыяльнай абароне Кіева ў першыя дні поўнамаштабнай вайны ва Украіне да батальёну, а потым і палка. Шчыгельскі нагадаў, што Кабанчук быў камандзірам тактычнай групы «Беларусь» яшчэ да лютага 2022 года, ды і Прохараў ваяваў за Украіну з 2015-га.
З пачатку поўнамаштабнай вайны праз полк прайшлі тысячы беларусаў, каля 60 загінулі, расказаў намеснік камандзіра вайсковага фармавання. Ваяры палка біліся за Ірпінь, Бучу, Севераданецк, Бахмут, у Мікалаеўскай, Харкаўскай і Херсонскай вобласцях. Імёнамі беларускіх ваяроў названыя вуліцы ў шэрагу гарадоў Украіны.
Цяпер на базе палка Каліноўскага ствараюць грамадскую арганізацыю, што, паводле Кабанчука, возьме на сябе задачы падвышэння баявой гатовасці палка і далучэння шырэйшых колаў беларускага грамадства і дэмакратычнага актыву да дапамогі беларускім добраахвотнікам, у тым ліку палку Каліноўскага. Галоўная ж місія – супрацьдзеянне расейскай агрэсіі і наступнае вызваленне Беларусі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, дадаў ваяр.
,, «Рух “Каліноўцы” – гэта аб’яднанне простых беларусаў, баявое і грамадска-палітычнае крыло беларускіх дэмакратычных сілаў і прадстаўнікоў іншых народаў, што грунтуецца на агульных для ўсіх удзельнікаў каштоўнасцях і мэтах», – растлумачыў Прохараў.
Ён так сфармуляваў стратэгічную мэту: аб’яднанне магчымасцяў і рэсурсаў беларускіх вайсковых і грамадскіх ініцыятываў, а таксама прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў дзеля аднаўлення дэмакратычнага і канстытуцыйнага ладу ў Беларусі пасля спынення расейскай агрэсіі супраць Украіны. Тактычная мэта – узмацненне забеспячэння палка Каліноўскага за кошт магчымасцяў беларусаў у Беларусі і за мяжой праз праекты кшталту «Беларускі дрон», праекты вайсковага падрыхтавання беларусаў. Таксама сярод мэтаў – арганізацыя рэабілітацыі і забеспячэння падтрымання ветэранаў і байцоў палка ў Еўропе.
У ліку задачаў, што агучыў Прохараў, – каардынацыя працы прадстаўнікоў руху ў структурах дэмакратычных сілаў кшталту Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінету і офісу Святланы Ціханоўскай. У Каардынацыйнай радзе полк прадстаўляе былы баец Аляксандр Клачко, полк падтрымлівае ягоная фракцыя «Воля». Хто прэзентуе «Каліноўцаў» (і ці прэзентуе хоць хтосьці) у АПК і ОСЦ, невядома, але Шчыгельскі намякнуў у гэтым кантэксце на планаваную канферэнцыю «Новая Беларусь».
Прохараў таксама заклікаў дэмакратычныя сілы аднавіць працу ў стварэнні каардынацыйнага органу нацыянальна-вызвольнага руху ў рэалізацыі пастановаў канферэнцыі палка, што адбылася мінулым лістападам. На той канферэнцыі полк і дэмакратычныя сілы не прыйшлі да згоды. Але Шчыгельскі падкрэсліў, што стварэнне руху не канфрантацыйнае: не супраць КР, ОСЦ ці АПК, а «за тое, каб разам дамагчыся агульных мэтаў».
Шчыгельскі адзначыў, што полк Каліноўскага выконвае сярод іншага ролю, звязаную з успрыманнем беларусаў і Беларусі: калі б не полк і іншыя беларускія добраахвотнікі, не было б розніцы ва ўспрыманні Беларусі і Расеі ва ўкраінскім грамадстве. Таксама полк, казаў Шчыгельскі, ёсць прыкладам для беларускага грамадства: магчымае змаганне за свабоду, годнасць і незалежнасць са зброяй у руках.
Украінскі журналіст з залі сказаў, што быў бы ён беларусам, дык чакаў бы ад «Каліноўцаў» стварэння ценявога ўраду. І спытаў: «Калі мы пабачым кагосьці прэтэндэнтам на тое месца, што цяпер займае асоба, якая не мае на гэтае права». Шчыгельскі перапытаў, ці гэтая асоба – Лукашэнка. Не дачакаўшыся адказу, сказаў, што прэтэндэнта на такое месца не будзе, бо дыктатар Беларусі непатрэбны.
Але, працягнуў Шчыгельскі, ёсць прэтэндэнты на пасады, што мусяць быць у дэмакратычнай краіне: гэта АПК, ОСЦ, КР і рада БНР. Супраца ёсць і асабіста з Ціханоўскай, і з ейнымі Офісам і Кабінетам, узровень узаемадзеяння апошнія паўтара года вырас у разы і змяніўся якасна, хай яно і не заўсёды публічнае. Тое, што ўкраінцы мала ведаюць пра дэмакратычныя сілы, Шчыгельскі назваў недапрацоўкай, што мае ў будучыні выправіць адмысловы беларускі інфармацыйны цэнтр ва Украіне.
Стасункі між дэмакратычнымі структурамі не ідэальныя, адзначыў Шчыгельскі. Але галоўнае пытанне не гэтае, а як зрабіць, каб Лукашэнка сышоў, і адносна гэтага ў «Каліноўцаў» стратэгія адрозніваецца ад усіх іншых прапанаваных стратэгіяў: «Трэба рыхтавацца да рэвалюцыі». Ён выказаў упэўненасць: калі будзе «гістарычная патрэба» і разуменне, што «перамога блізка», яны аб’яднаюцца «цягам 15 хвілінаў».
Турцэвіч расказаў, што асноўная мэта праекту «Беларускі дрон» – стварэнне сістэмы забеспячэння беларускіх добраахвотнікаў беспілотнымі лятальнымі апаратамі пры падтрыманні ахвяравальнікаў і дэмакратычных сілаў Беларусі, падрыхтаванне і навучанне карыстальнікаў дронаў, праектаванне і ўласная вытворчасць дронаў (першыя экзэмпляры ўжо на фронце), аналіз эфектыўнасці дронаў пры выкананні баявых заданняў. Іншыя падрабязнасці таемныя і зробяцца вядомымі пазней.
,, «Я магу сказаць, што гэта будзе не буйнавузлавое збіранне, гэта будзе ад пачатку да канца поўны цыкл вытворчасці», – сказаў Турцэвіч пра «Беларускі дрон».
У адказ на пытанне з залі пра супрацу з Міністэрствам абароны Украіны Турцэвіч адзначыў: для гэтага трэба шмат высілкаў і часу, трэба трапіць у адмысловы каталог Мінабароны, на што можа пайсці паўгода і больш. Як будзе – «пабачым». Шчыгельскі дадаў: полк Каліноўскага і «Кіберпартызаны» ад пачатку вайны змеркавалі супрацоўнічаць з усімі афіцыйнымі структурамі і дзяржаўнымі структурамі Украіны ў роўнай ступені, не ўлазіць у «разборкі».
Удзельнікаў канферэнцыі спыталі, ці не ёсць стварэнне руху рэакцыяй на канфлікт у палку, ці не сыходзіць Кабанчук з фармавання і хто цяпер ім кіруе. Кабанчук адказаў, што стварэнне руху – паслядоўнае развіццё стратэгіі, прынятай яшчэ ў час канферэнцыі мінулым лістападам.
,, «Стварэнне руху не мае аніякага дачынення да канфлікту, ды і ў прынцыпе як такога канфлікту ў нас няма, – запэўніў Кабанчук. – На цяперашні час усе хлопцы, якія праходзяць службу ў межах Іншаземнага легіёну, застаюцца ў зоне баявой адказнасці, нясуць службу і паспяхова нішчаць ворага».
Ваяр дадаў, што ён ды іншыя прысутныя ўсведамляюць сябе часткаю палка, бо полк – вайскова-грамадскі праект, што ўключае не толькі дзейных вайскоўцаў Збройных сілаў Украіны, але і тых, хто раней праходзіў службу ў ЗСУ ці добраахвотніцкіх фармаваннях беларусаў. Аб’ядналіся вакол адной місіі хлопцы і дзяўчаты з рознымі бачаннямі і ідэалогіямі, а канфлікту не існуе, бо ўсе, хто разумее місію, цяпер у палку Каліноўскага, перакананы Кабанчук.
Палком цяпер кіруе выканаўца абавязкаў камандзіра Павел Шурмей (пазыўны Дзядзька), пацвердзіў намеснік камандзіра палка Каліноўскага. Афіцыйнай крыніцай інфармацыі ад палка Каліноўскага пакуль выступае сайт Kalinouski.org, дадаў Кабанчук. Таксама пад кантролем палка старонка на Facebook. А пытанне з астатнімі сацыяльнымі сеткамі, акаўнты ў якіх цяпер не пад кантролем палка, мае развязацца найбліжэйшым часам.
Алесь Наваборскі belsat.eu