У Беларусі пашыраць спіс сабакаў, гаспадары якіх мусяць праходзіць спецыяльнае навучанне
26.07.2024, 08:40
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
А таксама забароняць брахаць з 23:00 да 07:00.
На пачатку 2025 года ў Беларусі ўступіць у сілу закон «Аб адказным абыходжанні з жывёлінамі». У ім пашыраецца спіс сабакаў, гаспадары якіх мусяць праходзіць навучанне на спецыяльных курсах, распавяла намесніца ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Надзея Сяўрук.
Фота мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: Белсат)
Закон уводзіць новы панятак – сабака, які патрабуе асаблівай адказнасці. Такога сабаку нельга аднесці да нейкай канкрэтнай пароды, бо ён не чыстакроўны, але ў той жа час небяспечны. Гаспадары такіх жывёлінаў мусяць гарантаваць іх бяспечнае для іншых людзей утрыманне.
,,
«Як правіла, гэта асабліва буйныя пароды, якія насамрэч вымагаюць ад чалавека нейкіх навыкаў, каб гэтага сабаку выхаваць, каб умець не нашкодзіць ні сабаку, ні атачэнню, ні маёмасці іншых людзей. Будзе распрацаваны парадак праходжання курсаў для ўласнікаў такіх пародаў», – зазначыла Надзея Сяўрук.
Самы курс пакуль яшчэ на стадыі распрацоўвання. Таксама не вызначанае месца, дзе ён будзе праходзіць.
Цяпер праходзіць курсы ў Беларусі абавязаныя ўласнікі сабакаў патэнцыйна небяспечных пародаў, а таксама калі сабака, незалежна ад пароды, пакусаў чалавека ці жывёліну.
Акрамя таго, у новым законе ўзмацняецца забарона на шум – гаспадарам трэба будзе сачыць, каб сабака не брахаў з 23:00 да 07:00.
,,
«Гаспадары мусяць прымаць захады ў дачыненні сваіх жывёлінаў, каб выканаць права суседзяў на камфортнае пражыванне», – сказала прадстаўніца ЖКГ.