У Беларусі з нядзелі да аўторка абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі – чакаецца моцны вецер
27.07.2024, 15:18
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: tv-mig.ru)
podpis źródła zdjęcia
На нашую краіну ідзе цыклон.
«Белгідрамет» абвясціў памаранчавы ўзровень небяспекі на тры дні – з нядзелі 28 ліпеня да аўторка 30 ліпеня. Ва ўсёй краіне магчымыя моцныя дажджы і вецер.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: tv-mig.ru)
На Беларусь ідзе цыклон. Непагадзь пачнецца ў нядзелю ў другой палове дня – у Менску і на захадзе Беларусі чакаюцца навальніцы і ўзмацненне заходняга ветру з хуткасцю пры парывах да 15 – 20 м/с.
У панядзелак 29 ліпеня ва ўсёй краіне ўзмацненне заходняга і паўночна-заходняга ветру з хуткасцю пры парывах месцамі да 25 – 27 м/с. Удзень чакаюцца моцныя дажджы.
У аўторак 30 ліпеня на большай частцы краіны захаваецца моцны паўночна-заходні вецер з хуткасцю пры парывах 15 – 20 м/с.
Моцны ўраган абрынуўся на Беларусь 13 – 14 ліпеня. Тады 7 асобаў загінулі, у тым ліку двое дзяцей, шмат людзей атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Найбольш пацярпела Гомельская вобласць. Некаторыя населеныя пункты там на некалькі дзён засталіся без электрычнасці, вады, мабільнай сувязі.
Наступствы непагадзі на Гомельшчыне прыбіраюць дагэтуль і прагназуюць, што можа спатрэбіцца яшчэ шмат часу. На поўнае аднаўленне лесу ад наступстваў урагану, што паваліў шмат дрэваў, можа спатрэбіцца да двух гадоў.