У Гомлі абрынуўся будынак былога РАУС. (Фота: mchs112by / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Падчас падзеяў 2020 года гэты будынак стаўся месцам катаванняў удзельнікаў мірных пратэстаў.
Увечары 26 ліпеня ў Гомлі часткова абрынуўся фасад адміністрацыйнага будынку на вуліцы Сялянскай, дзе да 2022 года месціўся РАУС Цэнтральнага раёну.
У Гомлі абрынуўся будынак былога РАУС. (Фота: mchs112by / Telegram)
У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што адміністрацыйны будынак не эксплуатаваўся, пацярпелых у выніку інцыдэнту няма. Прычыны здарэння высвятляюцца.
Цяпер ратавальнікі разбіраюць завалы, да працаў прыцягнутыя 57 чалавек і 26 адзінак тэхнікі. З нагоды здарэння было скліканае выязное пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэце.
Выданне «Флагшток» паведамляе, што ў будынку на вул. Сялянскай да 2022 года месціўся РАУС Цэнтральнага раёну. Падчас падзеяў 2020 года ён стаўся месцам катаванняў удзельнікаў мірных пратэстаў. Шмат хто выходзіў адтуль з сурʼёзнымі траўмамі.
У сакавіку 2022 года Цэнтральнае РАУС пераехала ў новы будынак на вуліцы Галавацкага. Увосень 2023 года комплекс на вуліцы Сялянскай быў выстаўлены на аўкцыён амаль за мільён рублёў. Пакупніку прапаноўвалася выкарыстоўваць будынак для размяшчэння абʼектаў грамадзянскай абароны.