Ва ўкраінскім Ужгарадзе з’явілася вуліца імя Кастуся Каліноўскага
26.07.2024, 19:29
Кастусь Каліноўскі (Крыніца: Giuseppe Achille Bonoldi / wikimedia.org)
podpis źródła zdjęcia
У той жа час у Беларусі ўлады займаюцца выкараненнем усяго, што звязана з імем беларускага героя.
У горадзе Ужгарадзе, што на захадзе Украіны, з’явілася вуліца імя Кастуся Каліноўскага. Пра гэта «Белсату» паведаміў кіраўнік ініцыятывы «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.
Кастусь Каліноўскі (Крыніца: Giuseppe Achille Bonoldi / wikimedia.org)
Гэта ўжо не першы горад, у якім з’яўляецца вуліца, названая ў гонар беларускага нацыянальнага героя. Так, у красавіку 2024 года дэпутаты Адэскай гарадской рады прагаласавалі за змены назваў звыш сотні вуліц, сярод іх вуліца Беларуская змяніла назву на вуліцу Кастуся Каліноўскага.
У канцы чэрвеня ва ўкраінскім Чарнігаве на вуліцы Кастуся Каліноўскага размясцілі мемарыяльную дошку ў гонар беларускага нацыянальнага героя.
Тым часам у Беларусі ўлады пазбаўляюцца назваў, звязаных з Каліноўскім. Так, у снежні 2023 года была пераназваная гімназія Каліноўскага ў Свіслачы – цяпер гэтая ўстанова адукацыі носіць імя савецкай падпольшчыцы Васіленкі. Зараз збіраюцца перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Менску.
У Кобрыне раённы савет дэпутатаў вырашыў пераназваць вуліцу імя Каліноўскага і назваць яе ў гонар Пятра Машэрава.
Акрамя таго, са школьнай праграмы прыбралі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Ініцыятар гэтага, прапагандыст Вадзім Гігін называў Каліноўскага «польскім рэвалюцыянерам-тэрарыстам».