Кіраўнік польскага МЗС агучыў пазіцыю краіны ў размове з Паўлам Латушкам.
Польшча не мае намеру абмяжоўваць уезд асабістых аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі падчас размовы з намеснікам кіраўніцы АПКБ, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам, паведамляе прэс-служба палітыка.
Размова адбылася з ініцыятывы кіраўніка польскага МЗС.
Падчас размовы Радослаў Сікорскі падкрэсліў, што Польшча аддзяляе беларускі народ ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Польшча робіць захады, каб змякчаць умовы для легалізацыі беларусаў, і будзе прытрымлівацца пазіцыі не абмяжоўваць перасячэнне грамадзянамі Беларусі беларуска-польскай мяжы.
Кіраўнік польскага МЗС адзначыў, што польскі бок не плануе ўводзіць забарону на выкарыстанне асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй і не збіраецца канфіскоўваць аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй, як гэта ажыццяўляецца ў дачыненні да аўтамабіляў з расейскай рэгістрацыяй.
У той жа час Радослаў Сікорскі падкрэсліў, што Польшча прытрымліваецца сваіх патрабаванняў да рэжыму Лукашэнкі: спыніць міграцыйную вайну, выдаць злачынцу, які ўчыніў забойства польскага салдата, а таксама дабіваецца вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута.
Падчас размовы Сікорскі адзначыў, што беларусы з’яўляюцца еўрапейскім народам і будучыня беларускага народа – у агульным еўрапейскім доме.
Нагадаем, што згодна з восьмым пакетам санкцыяў, прынятых Еўразвязам, абмежаванні, уведзеныя супраць Беларусі, былі сінхранізаваныя з абмежаваннямі, якія раней уводзіліся супраць Расейскай Федэрацыі. Гэта прывяло да таго, што з 16 ліпеня Латвія прыняла рашэнне аб забароне праезду грамадзянам нашай краіны на аўтамабілях з беларускімі нумарамі. Падобнае рашэнне пазней прыняла і Літва.