навіны

Ціск на Украіну, лёс нямецкага грамадзяніна і мігранты. Што могуць абмяркоўваць Лукашэнка і Пуцін

Лукашэнка і Пуцін на востраве Валаам 26 ліпеня. (Фота: kremlin.ru)
Лукашэнка і Пуцін на востраве Валаам 26 ліпеня. (Фота: kremlin.ru)
podpis źródła zdjęcia

Афіцыйныя каналы два дні паказваюць толькі прыроду Валааму, куды паехаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка зноў паехаў да Уладзіміра Пуціна 25 ліпеня. Яго візіт на Валаам цягнецца два дні, а прэс-служба Лукашэнкі паказвае толькі відэа з царквой і качкамі, але нічога не паведамляе пра сутнасць паездкі. Эксперты кажуць «Белсату», што напаўтаемна Лукашэнка і Пуцін абмяркоўваюць перш за ўсё ціск на Украіну. Пацікавіліся, якія яшчэ пытанні могуць быць на парадку дня.
Лукашэнка і Пуцін на востраве Валаам 26 ліпеня. (Фота: kremlin.ru)
Лукашэнка і Пуцін на востраве Валаам 26 ліпеня. (Фота: kremlin.ru)
Напярэдадні паездкі прэс-служба Лукашэнкі расказала, што будуць размовы пра «тэматыку рэгіянальнай бяспекі, міжнародны парадак дня, пытанні развіцця двухбаковых адносін і прасоўванне саюзных праектаў». Канкрэтыкі няма, а тое, што публікуюць толькі відэа і фота на прыродзе, сведчыць пра тое, што Лукашэнка і Пуцін і не хочуць нічога паведамляць, лічыць гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
«Там абмяркоўваецца вялікі спектр тэмаў, пачынаючы з Украіны, магчыма, ідуць і ўспаміны пра мінулае – гэта ж старыя людзі. А “Пул первого” маўчыць [тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі], бо тэмы, якія абмяркоўваюцца, паказваць нельга.


,,

Бягучыя пытанні, якія яны жадаюць абмеркаваць, тычацца, перш за ўсё, Украіны, мірных перамоваў і ролі Беларусі ў гэтых перамовах. Я б таксама не выключаў, што яшчэ адно важнае пытанне звязанае з нямецкім грамадзянінам Рыка Крыгерам, з яго лёсам і магчымасцямі абмену», – кажа эксперт.


Ёсць звесткі, што Крэмль хацеў бы абмяняць нямецкага грамадзяніна, які прыгавораны да смяротнага пакарання ў Беларусі, на афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, які знаходзіцца ў зняволенні ў Германіі, таму пытанне можа быць актуальным.
Тое, што галоўнай тэмай з’яўляецца Украіна, кажа і аналітык Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.
«Як ідуць баявыя дзеянні – гэта адна справа. Другое, што Масква пачала дыпламатычную атаку на Украіну праз мірныя перамовы. Думаю, што адна з тэмаў будзе менавіта роля Лукашэнкі і Беларусі ў прасоўванні гэтага наратыву і расхістванне сітуацыі ва Украіне праз гібрыдную атаку з мірным планам», – кажа Ніжнікаў.
Пра «мірны план» Пуцін і Лукашэнка казалі яшчэ падчас сустрэчы ўвесну.
«Ён казаў разам з Пуціным, што яны гатовыя да перамоваў, што нібыта ўкраінскі народ і ваенныя не хочуць гэтай вайны, што гэта ўсё Зяленскі, які страчвае легітымнасць. Цяпер Беларусь з’яўляецца адным з рупараў прапаганды Крамля, але не адзіным.
Расея спрабуе праз розных актораў прасоўваць гэтыя наратывы. І праз унутрыўкраінскія тэлеграм-каналы, і праз Кітай, і праз Трампа з Орбанам. Гэта павінна снежным комам абрушыцца на Украіну. Яны глядзяць, як будзе развівацца сітуацыя ўнутры Украіны. Але вядома, што да мірных перамоваў далёка і гэта менавіта дыпламатычная атака», – адзначае аналітык Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.
Лукашэнка і Пуцін на востраве Валаам 26 ліпеня. (Фота: kremlin.ru)
Лукашэнка і Пуцін на востраве Валаам 26 ліпеня. (Фота: kremlin.ru)
Другое пытанне – эканоміка, што больш цікавіць Лукашэнку. Але і тут не без прывязкі да вайны ва Украіне. Акрамя таго, што Лукашэнку цікавы расейскі рынак, крэдыты і лагістычная дапамога для продажу тавараў за мяжу, яны з Пуціным хочуць, каб Беларусь усё больш працавала на агрэсію супраць Украіны.
«Для Расеі важна, каб Беларусь і яе эканоміка ўсё больш і больш дапамагалі ваеннай прамысловасці Масквы. Для Лукашэнкі тут зразумелая цікавасць. Мы ж памятаем, каго назначылі амбасадарам у Расею – былога міністра прамысловасці. Таму нешта будзе абмяркоўвацца вельмі шчыльна», – працягвае Рыгор Ніжнікаў.
Што тычыцца тэмы міграцыйнага крызісу, да абмеркавання якой далучыўся нават Кітай, то тут меркаванні экспертаў разышліся. Менск і Маскву не вельмі непакоіць тое, што Польшча паскардзілася Кітаю і пагражае зачыніць межы, лічыць Ніжнікаў.
«Тут пытанне, наколькі і Лукашэнка, і Пекін лічаць, што Варшава пойдзе да канца. Думаю, абодва бакі думаюць, што калі за два гады не зачынілі мяжу, то пытанне, наколькі шчыра разлічваецца гэта зрабіць. Я думаю, што яны будуць чакаць да апошняга.


,,

Калі транзіт будзе зачынены, гэта будзе вялікім эканамічным ударам. Але ці чакае Лукашэнка, што гэта абрыне яго рэжым? Не, канешне.


Ён можа сказаць Крамлю, што на яго ціснуць і яму патрэбная падтрымка, Масква можа сказаць, добра, калі зачыняць, мы дапаможам. Тады яны проста скінуць гэтае пытанне на польска-кітайскае і скажуць, што гэта антыкітайскія і антыбеларускія захады. Думаю, тут Лукашэнка будзе гандлявацца, але, як і ў пытанні з палітвязнямі, ён не можа паказаць Захаду слабіну», – кажа Ніжнікаў.
Аляксандр Фрыдман лічыць, што міграцыйны крызіс прысутнічае на парадку дня. Паколькі Лукашэнку не хочацца губляць транзіт тавараў, ён будзе прасіць Пуціна прыпыніць ці зменшыць паток мігрантаў.
«Лукашэнка выглядае як чалавек, які просіць, каб яму дапамаглі. Мне падаецца, што гэты крызіс сапраўды інспіраваны Расеяй і праводзіцца Расеяй, а ў Беларусі хутчэй роля дапаможная. Таму палепшыць сітуацыю на мяжы без Пуціна немагчыма. А ў гэтым зацікаўленыя і Беларусь, і Кітай, і ў пэўнай ступені эканамічна і Расея», – кажа Фрыдман.
На думку эксперта, нельга выключаць, што Пуціну проста хочацца з кімсьці пагаварыць, а найбольш пасуе Лукашэнка. Рыгор Ніжнікаў дадае, што яны могуць пагаварыць таксама пра бязвіз, які Беларусь увяла для яшчэ 35 еўрапейскіх краінаў.
«Як, напрыклад, расейскае ФСБ на гэта адрэагуе, павінна быць абмеркавана», – падводзіць рысу Рыгор Ніжнікаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10