навіны

У ЗСУ заявілі пра нанясенне ўдараў па чатырох электрападстанцыях у Курскай вобласці РФ

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

У Генштабе сцвярджаюць, што ў рэгіёне фіксуюцца перабоі са святлом. 

У Генеральным штабе ЗСУ заявілі, што Сілы абароны Украіны паразілі шэраг цягавых электрападстанцыяў у Курскай вобласці РФ, там фіксуюцца перабоі са святлом.
«Ёсць інфармацыя аб працы ў вобласці сістэмаў СПА праціўніка і выбухах у раёнах прынамсі чатырох падстанцыяў. Як вынік, фіксуюцца перабоі з электразабеспячэннем у Паныроўскім, Курскім і Сонцаўскім раёнах Курскай вобласці. Удары ажыццяўлялі сілы і сродкі Цэнтру спецыяльных аперацыяў «А» Службы бяспекі Украіны (ЦСА «А» СБУ) ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сілаў абароны», – гаворыцца ў заяве Генштабу.
У Генштабе ЗСУ падкрэсліваюць, што расейская прамысловасць, якая працуе на вайну супраць Украіны, ёсць законнай ваеннай цэллю. Электрападстанцыі сярод іншага забяспечваюць функцыянаванне чыгункі, якой перавозяцца вайскоўцы і ўзбраенне расейскага войску.
Інфармацыя пра масаваную атаку дронаў у Курскай вобласці і выбухі на падстанцыях зʼявілася ў расейскіх Telegram-каналах у ноч на 29 ліпеня.
Афіцыйна расейскі бок пацвярджае толькі сам факт атакі ўкраінскіх дронаў, але нічога пра траплянне ў падстанцыі не кажа.
Часовы выканаўца абавязкаў губернатара Курскай вобласці Аляксей Смірноў у вечаровай зводцы паведаміў, што падзенне абломкаў украінскіх БПЛА было зафіксаванае ў Курскім, Прысценскім, Сонцаўскім, Залатухінскім, Суджанскім і Паныроўскім раёнах.
У Сонцаўскім раёне абломкі дрона пашкодзілі лініі электраперадачы, але падача святла была аператыўна адноўленая, сцвярджае Смірноў. У Залатухінскім і Паныроўскім раёнах рэшткі, што падалі паблізу чыгуначных шляхоў, пашкоджанняў не прынеслі.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10