У Тэгеране забіты Ісмаіл Ганія – адзін з лідараў «Хамасу»
31.07.2024, 09:44
Адзін з лідараў «Хамас» Ісмаіл Ганія. (Фота: hamasinfo.info)
podpis źródła zdjęcia
Іран і палестынцы абвінавачваюць у забойстве Ганіі Ізраіль.
Адзін з лідараў тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас» Ісмаіл Ганія быў забіты раніцаю ў Тэгеране ў выніку авіяўдару. Ягоную смерць пацвердзілі ў палестынскай групоўцы, паведамляе «Reuters».
Адзін з лідараў «Хамас» Ісмаіл Ганія. (Фота: hamasinfo.info)
Іран і палестынцы абвінавачваюць у забойстве Ісмаіла Ганіі Ізраіль. Паводле «Бі-бі-сі», прадстаўнікі «Хамасу» заявілі, што ліквідацыя Ганіі азначае сурʼёзную эскалацыю канфлікту ў рэгіёне і «не застанецца беспакараным».
Ізраіль афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасць за гэты ўдар. У Вашынгтоне навіны з Тэгерану пакуль не каментавалі.
Ізраільскі «9 канал» са спасылкай на арабскія медыі паведамляе, што ліквідацыя высокапастаўленага лідара «Хамасу» была ажыццёўлена з дапамогаю ракеты, выпушчанай па будынку на поўначы Тэгерану, дзе Ганія быў са сваім целаахоўнікам. У момант удару ён заставаўся ў спальні. Сама ж ракета нібыта была «запушчаная з тэрыторыі замежнай дзяржавы».
Ісмаіл Ганія ўзначальваў палітычнае крыло тэрарыстычнай групоўкі «Хамас». Мяркуецца, што ён быў датычны арганізацыі беспрэцэдэнтнага тэрарыстычнага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, у выніку чаго былі забіты каля 1200 чалавек і ўзятыя ў закладнікі больш за 200 асобаў. У траўні 2024 года пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан папрасіў выдаць ордар на арышт Ганіі ды іншых лідараў групоўкі паводле падазрэння ў злачынствах супраць чалавецтва.
У апошнія гады Ганія пражываў у Катары. У Тэгеране ён браў удзел у цырымоніі інаўгурацыі новага прэзідэнта Ірана Масуда Пэзэшкіяна, што адбылася напярэдадні.