навіны

Сын Прыгожына ўзначаліў кампанію бацькі ў Беларусі – дачку расейскага «Канкорду»

Павел Прыгожын. (Фота: Павел Пригожин / VK)
Павел Прыгожын. (Фота: Павел Пригожин / VK)
podpis źródła zdjęcia

Пасля смерці Яўгенія Прыгожына ягоныя кампаніі працягнулі дзейнасць, пачалася рэструктурызацыя.

Павел Прыгожын, сын расейскага бізнесоўцы і лідара баевікоў групы «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, узначаліў беларускае ТАА «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг», заўважыў «Reform.news».
Павел Прыгожын. (Фота: Павел Пригожин / VK)
Павел Прыгожын. (Фота: Павел Пригожин / VK)
10 ліпеня 2024 года былі ўнесеныя змены ў беларускі Адзіны дзяржаўны рэестр: Павел Яўгенавіч Прыгожын стаўся кіраўніком ТАА «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг». Іншых зменаў у структуру ўласнасці не ўносілі.
Кампанію са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў 19 ліпеня 2023 года – за месяц да загадкавай смерці Яўгенія Прыгожына – зарэгістраваў у вёсцы Цэль Магілёўскі аблвыканкам. Асноўным відам дзейнасці пазначылі «кіраванне нерухомасцю». На той момант 100 % кампаніі належалі расейскаму ТАА з той жа назвай, кіраўніком пазначылі Яўгенія Прыгожына.
Расейская «Конкорд менеджмент и консалтинг» была галаўной кампаніяй холдынгу «Конкорд», у складзе якога былі некалькі рэстарацыяў у Санкт-Пецярбурзе і Маскве, кампанія паставак харчавання «Конкорд Кейтеринг», сетка буцікоў, будаўнічая кампанія «Мегалайн», выданне «РИА ФАН» і «Агентство интернет-исследований», вядомае як «фабрыка троляў».
Пасля смерці Яўгенія Прыгожына ягоныя кампаніі працягнулі дзейнасць, давераным кіраўніком дзвюх запісаных асабіста на яго фірмаў з 30 лістапада 2023 года быў ягоны сын Павел. Але 19 снежня таго ж года гэтыя фірмы ўзначаліў таямнічы дэтэктыў з Санкт-Пецярбургу. Вясной Павел Прыгожын ліквідаваў сваю піцерскую кампанію «РТГ Девелопмент». Затым іншыя кампаніі бізнес-імперыі нябожчыка пачалі мяняць кіраўніцтва і дзяліць бізнес.
Яўгеній Прыгожын кіраваў так званым ПВК «Вагнэр» – незаконным (нават паводле расейскіх законаў) узброеным фармаваннем, што з 2014 года дзейнічала ў інтарэсах Крамля ва Украіне, у Сірыі і ў шэрагу краінаў Афрыкі. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне група «Вагнэр» стала адкрыта ваяваць паралельна з расейскімі войскамі, атрымала права набіраць ваяроў з ліку зняволеных у расейскіх калоніях.
23 чэрвеня 2023 года Прыгожын абвінаваціў расейскую армію ў ракетным удары па лагеры наймітаў і абвясціў вайну Міністэрству абароны Расеі. Ягоны «марш справядлівасці» прайшоў праз поўдзень Расеі амаль без бою, але з невядомых прычынаў развярнуўся, не дайшоўшы да Масквы 200 км. Прыгожыну з баевікамі дазволілі «сысці ў Беларусь» са згоды беларускага рэжыму. Аляксандр Лукашэнка пазней распавядаў, што гэта ён мацюкамі ўгаворваў Прыгожына спыніць мяцеж.
Увечары 23 жніўня бізнес-джэт Прыгожына «Embraer Legacy RA-02795», што ляцеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург, разбіўся ў Цвярской вобласці Расеі. На борце, імаверна, былі Прыгожын і камандзір ПВК «Вагнэр» Дзмітрый Уткін, а таксама іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва вагнэраўцаў. Усяго на рэйсе было 10 асобаў: сем пасажыраў і трое чальцоў экіпажу. Усе загінулі. На думку амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, самалёт загадаў збіць асабіста Уладзімір Пуцін.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10