навіны

Пяць расейскіх дронаў заляталі ў Беларусь – Расея ўчыніла надзвычай масавую атаку на Украіну

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Расея зладзіла адну з найбольш масавых за ўсю вайну атак дронамі на Украіну.

Апошнім часам расейскія дроны-камікадзэ часта залятаюць на тэрыторыю Беларусі. У ноч на 31 жніўня як мінімум адзін, а мо і некалькі, былі над Беларуссю, а на перахоп, імаверна, падымалі самалёт-знішчальнік, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Падчас чарговай расейскай атакі Украіны беспілотнікамі тыпу іранскіх «Shahed-136/131» у ноч з 30 на 31 ліпеня адзін або некалькі апаратаў заляцелі ў Беларусь. У 23:24 (тут і ніжэй – паводле менскага часу) пра ўваход «Шагэда» ў паветраную прастору Беларусі паведаміў украінскі Telegram-канал «єРадар». Той жа канал у 2:24 паведаміў, што «Шагэд», які лятаў уздоўж мяжы з Беларуссю, кіруецца на Ровенскую вобласць Украіны.
Каля 23:50, паводле звестак групы «Беларускі Гаюн», на аэрадроме «Баранавічы» паднялі ў паветра беларускі самалёт-знішчальнік – імаверна, на перахоп «Шагэда».
Затым шэраг украінскіх каналаў паведаміў пра прылёт у Беларусь яшчэ некалькіх дронаў, адзін з якіх ляцеў над Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам у кірунку Чарнобылю, што ў Кіеўскай вобласці Украіны. Затым налічылі яшчэ шэсць «Шагэдаў», што кружылі над Чарнігаўскаю вобласцю Украіны і маглі заляцець у Беларусь. Дакладную колькасць дронаў, што ўсё ж заляцелі, «Гаюн» не ведае.
Паводле падлікаў Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі, у ноч на 31 ліпеня была самая масавая атака дронамі на Кіеў за 2024 год і адна з найбольш масавых – на ўсю краіну з пачатку вайны. Паветраная атака трывала звыш 7 гадзінаў, дроны заходзілі хвалямі практычна з усіх кірункаў, над Кіевам і ваколіцамі збілі звыш 30 дронаў. Гэта была сёмая атака дронамі ўкраінскай сталіцы з пачатку ліпеня.
Абноўлена. Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што збілі 89 з 89 запушчаных «Шагэдаў» і адну ракету «Х-59». Гэта ўсё ж не абсалютны рэкорд: такую ж колькасць «Шагэдаў» Расея запускала 1 студзеня 2024 года.
Абноўлена. Паводле падлікаў «Беларускага Гаюна», за ноч мінімум пяць расейскіх дронаў-камікадзэ заляцелі ў Беларусь. Большасць адразу па заходзе ў беларускую паветраную прастору адразу сыходзілі ўглыб Палескага радыяцыйнага запаведніка, але адзін праляцеў над Беларуссю звыш 260 км, дабраўся аж да Століна.
Расея выкарыстоўвала тэрыторыю і паветраную прастору Беларусі для нападу на Украіну ў 2022 годзе. Але да восені 2022 года спыніла абстрэлы Украіны з Беларусі з невядомых прычынаў, хіба зрэдку ракеты праляталі праз Беларусь. Дроны і ракеты зрэдку праляталі над Беларуссю і ў 2023-м, і вясною 2024-га.
Але летам 2024 года над Беларуссю пачалі даволі часта з’яўляцца расейскія БПЛА. 16 ліпеня, паводле «Беларускага Гаюна», адзін дрон выбухнуў на тэрыторыі нашай краіны.
У большасці выпадкаў расейскія беспілотнікі «Shahed» спачатку ўваходзілі ў паветраную прастору Украіны, потым ляцелі ў Беларусь, а затым вярталіся ва Украіну. Ды мінімум у двух выпадках маршрут дронаў у Беларусі не мае аніякага сэнсу з пункту гледжання ваенных аперацыяў Расеі супраць Украіны.
Магчыма, дроны-камікадзэ сутыкаюцца з моцным агнём супрацьпаветранай абароны, таму змяняюць маршрут і пераходзяць у паветраную прастору Беларусі, дзе ўкраінцы не маюць магчымасці аператыўна адсачыць іх перасоўванне. Але нельга выключаць і чыста палітычны фактар ціску Расеі на Аляксандра Лукашэнку.
Калі расейскі дрон заляцеў у Беларусь 11 ліпеня, авіяцыю паднялі ў паветра адразу – імаверна, для падстрахавання. Падчас віцебскага «падарожжа» дрона 13 ліпеня, калі верыць назіранням «Гаюна», авіяцыю паднялі паводле трывогі толькі праз дзве гадзіны. 16 ліпеня ў першым выпадку (маршрут Белая Сарока – Камарын) вылет беларускіх самалётаў не быў зафіксаваны. А ў выпадку магілёўскага «падарожжа», паводле звестак «Гаюна», авіяцыю паднялі ў паветра праз 35 хвілінаў.
Чаму алгарытм дзеянняў быў розны – невядома. Беларускія вайскоўцы па-ранейшаму не каментавалі прылёты «Шагэдаў» у Беларусь.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10