Яшчэ да першай трансляцыі Аляксандр Лукашэнка назваў «Белсат» «дурным, бессэнсоўным і недружалюбным» праектам. Спробы ціску на тэлеканал адбываліся з самага пачатку яго працы.У 2008 годзе разгарнулася кампанія выдалення спадарожнікавых антэнаў з фасадаў будынкаў. Афіцыйна гэтыя дзеянні былі накіраваныя на тое, каб «талеркі» не псавалі выгляду будынкаў, аднак беларускія службы пачалі выклікаць на допыты супрацоўнікаў тэлеканалу. У той час самым папулярным інструментам барацьбы з «Белсатам» былі афіцыйныя папярэджанні пракуратуры журналістам за сувязь з не акрэдытаваным у Беларусі замежным СМІ. Тым часам «Белсату» чатыры разы адмовілі ў акрэдытацыі і ў запыце аб адкрыцці карэспандэнцкага пункту ў Менску.У лютым 2010 года беларуская міліцыя спрабавала ўварвацца ў кватэру, якую займаў прадстаўнік «Белсату» ў Менску. Як вынік, адзін з журналістаў тэлеканалу быў арыштаваны на 10 содняў, нібыта за хуліганства. У абарону зняволенага тады афіцыйна выступілі прэзідэнт Еўрапарламенту Ежы Бузэк і кіраўніца дыпламатыі Еўразвязу Кэтрын Эштан.Еўрапарламент у рэзалюцыях неаднаразова заклікаў ЕЗ падтрымаць «Белсат». 20 студзеня 2011 года ён прысвяціў асаблівую ўвагу незалежным беларускім медыям, у тым ліку тэлеканалу «Белсат», які вядзе трансляцыю з Польшчы. Дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі Еўрапейскую камісію «падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацыяў у Беларусі ў прасоўванні дэмакратыі і супрацьстаянні рэжыму». У рэзалюцыі таксама прагучаў заклік да Еўракамісіі спыніць супрацу з беларускімі дзяржаўнымі СМІ і не аказваць ім ніякай дапамогі.У верасні 2014 года Вярхоўны Суд у Менску забараніў «Telewizja Polska» выкарыстоўваць у Беларусі назву «Белсат», напісаную лацінкай і кірыліцай. Улады ўзгадалі пра сваё рашэнне толькі ўвесну 2017 года, калі па ўсёй Беларусі пачаліся масавыя вулічныя дэманстрацыі супраць увядзення падатку на беспрацоўе, якія трансляваў канал. У траўні 2020 года на дэманстрацыі ў абарону Сяргея Ціханоўскага – блогера, які хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, – затрымалі двух супрацоўнікаў «Белсату» і трох асобаў, звязаных з іншымі незалежнымі медыямі. Прадстаўнік Еўрапейскай камісіі замежных справаў Пэтэр Стана заклікаў улады Менску неадкладна іх вызваліць. Раней міжнародная арганізацыя абароны правоў медыяў і свабоды слова «Рэпарцёры без межаў» звярнулася з гэтай нагоды да міжнароднай супольнасці. Рэпрэсіі супраць журналістаў пачаліся ў беспрэцэдэнтным маштабе пасля сфальсіфікаваных уладамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Менску. Практычна кожны трэці такі зафіксаваны выпадак датычыў супрацоўнікаў «Белсату». З 9 жніўня да 31 снежня 2020 года нашых калегаў 162 разы затрымлівалі, 97 арыштоўвалі; агулам яны правялі за кратамі 392 дні. Іх таксама аштрафавалі на больш як 26 тысяч долараў у эквіваленце. На іх абарону паўсталі шматлікія галіновыя арганізацыі і праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі афіцыйных уладаў. У 2021 годзе тэлеканал «Белсат» разам з профілямі ў сацыяльных сетках і папулярных мэсэнджарах быў прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», якое пераследуецца паводле Крымінальнага кодэксу. З таго моманту нават падпіска на адзін з YouTube-каналаў «Белсату» ці рэакцыя на допіс у «Фэйсбуку» пагражае карыстальніку турэмным тэрмінам. Цяпер за кратамі ў Беларусі трымаюць некалькіх супрацоўнікаў «Белсату». Адміністрацыя каналу пры дапамозе міжнароднай супольнасці прыкладае намаганні дзеля іхнага вызвалення. У студзені 2012 года амерыканскі прэзідэнт Барак Абама падпісаў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» (The Belarus Democracy and Human Rights Act). У дакуменце былі вызначаныя прыярытэты амерыканскай палітыкі ў дачыненні Беларусі. Адзін з іх – падтрыманне працы электронных медыяў на беларускай мове, у тым ліку тэлеканалу «Белсат».