«Belsat TV» – адзіны незалежны беларускамоўны тэлеканал. Ён быў заснаваны ў 2007 годзе групай беларускіх і польскіх журналістаў у межах грамадскай трансляцыйнай кампаніі Польшчы Telewizja Polska S.A., у супрацы з Міністэрствам замежных справаў Польшчы і пры падтрыманні ўрадаў некалькіх еўрапейскіх краінаў і шэрагу фондаў.Праграмная трансляцыя «Belsat TV» – каля 21 гадзіны штодня. Арыгінальную прадукцыю станцыі рыхтуюць амаль 300 супрацоўнікаў – журналісты, якія жывуць у постсавецкіх краінах, а таксама выдаўцы, менеджары і тэхнічныя работнікі ў Польшчы. Дадатковыя матэрыялы дасылаюць карэспандэнты, што працуюць у буйных еўрапейскіх сталіцах. Тры з паловай гадзіны штодзённай праграмы, якая выходзіць у жывым эфіры, прысвечаныя актуальным навінам.Тэлеканал выпусціў каля 200 дакументальных фільмаў, якія раскрываюць невядомыя аспекты беларускай спадчыны або закранаюць розныя тэмы, звязаныя са штодзённым жыццём у былых савецкіх рэспубліках. Творы «Белсату» атрымалі каля 80 узнагародаў на міжнародных фестывалях. Нядаўнія пратэсты супраць Лукашэнкі ў Беларусі, крызіс на ўсходняй мяжы Еўразвязу і расейскае ўварванне ва Украіну паказалі, што канал уплывае на грамадскую думку не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім рэгіёне. Трансляцыя часткі праграмаў на расейскай і ўкраінскай мовах закліканая пашырыць аўдыторыю каналу. Удзел «Белсату» ў барацьбе з беларускай і расейскай прапагандаю ў постсавецкіх краінах выклікаў бязлітасныя рэпрэсіі супраць нашых журналістаў. Тэлеканал існуе і працягвае развівацца, нягледзячы на жорсткае заканадаўства ў Расеі і прызнанне «Белсату» экстрэмісцкай арганізацыяй у Беларусі.