Прыднястроўе, Карабах: дзе яшчэ палыхне?

Вайна Расеі супраць Украіны зноў выклікала зрухі ў зонах, якія на хвалі распаду СССР перажылі грамадзянскія канфлікты. Гэта перш за ўсё Карабах, а цяпер яшчэ Прыднястроўе. Што там адбылося ў мінулым і што чакае гэтыя тэрыторыі ў хуткім часе?

Распад СССР прывёў да шэрагу грамадзянскіх войнаў на яго ўскраінах, падчас якіх міжэтнічныя праблемы так і не былі пераадоленыя. І цягам апошніх гадоў да гэтых гарачых зонаў прыцягваецца ўвага сусвету. «Як мы бачылі, досвед 2022 года паказаў нам, што вайна можа ўзнікнуць з ніадкуль. Можа адбыцца ў абсалютна любым месцы», – адзначае гісторык Антон Сайфулаеў.

Ён тлумачыць, што ланцуговая рэакцыя, запушчана напрыканцы 1980-х гадоў, працягваецца да сёння.

,,

«Мы вярнуліся да сітуацыі 1990–1991 гадоў, бо распаду імперыі не адбылося. Расея нездарма была прызнаная правапераемніцай Савецкага Саюзу. А Савецкі Саюз сам сябе абвесціў правапераемнікам Расейскай імперыі», – дадае Тыгран Хзмальян з Арменіі.


На думку армянскага палітыка, непарыўнасць канфліктаў сёння выгадная найперш Расеі, якая такім чынам уплывае на суседнія краіны. Адзіны шлях, каб выйсці з гэтага «бясконцага кола канфліктаў», – працэс еўрапеізацыі. Але за такія спробы Расея жорстка карае сваіх суседзяў, распачынаючы войны або актывізуючы міжэтнічныя канфлікты: «Гэта пакаранне, якое прадугледжвае імперская матрыца для любой спробы былых калоніяў вырвацца з яе і перайсці ў лагер дэмакратыі».

Пры гэтым азербайджанскі журналіст Маўсун Гаджыеў заўважае, што шлях гэты вельмі цяжкі, бо «дэмакратыя ёсць або для ўсіх, або яе няма ні для кога».

Як і ў выпадку Карабаху паміж Азербайджанам і Арменіяй, праблема Прыднястроўя паміж Малдовай і Расеяй таксама застаецца неразвязанай.

,,

«Гэта тэрытарыяльны, а не этнічны канфлікт. Паміж Малдовай і Расейскай Федэрацыяй, а не сепаратыстамі», – тлумачыць Анжэла Грэмадэ.


Яна распавядае пра сувязь канфлікту вакол Прыднястроўя з тым, як Расея пачала вайну супраць Украіны і якія сцэнары там спрабавала рэалізоўваць.

Ці магчыма развязаць праблемы Карабаху і Прыднястроўя сёння? Якую карту Расея разыгрывае ў дачыненні Малдовы і як гэтая тактыка змяняецца на фоне вайны ва Украіне? Што неабходна зрабіць Азербайджану і Арменіі, каб дамовіцца раз і назаўсёды, і ці такое ўвогуле магчыма? Шукайце адказы ў новым выданні праграмы «Intermarium» з Настай Ільіной.

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Анжэла Грэмадэ, кандыдатка гуманітарных навук, прэзідэнтка Асацыяцыі экспертаў у бяспецы і глабальных пытаннях (Малдова);
  • Антон Сайфулаеў, кандыдат гістарычных навук, навуковец і выкладчык, даследнік посткаланіялізму з Варшаўскага ўніверсітэту (Польшча);
  • Тыгран Хзмальян, палітык, кіраўнік Еўрапейскай партыі Арменіі;
  • Маўсун Гаджыеў, журналіст і дысідэнт (Азербайджан).

Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы» або на YouTube-канале «БЕЛСАТ HISTORY».

Belsat.eu