Пра нас

Нашыя гледачы


«Белсат» у космасе і ў інтэрнэце

Наш тэлеканал вяшчае праз спадарожнік Astra 4A 19,5 гадзінаў штодня. Геаграфічны ахоп – уся Еўропа.

Наш наўпроставы эфір можна глядзець праз «YouTube», а таксама прыкладанне Belsat TV Live для тэлівізараў з сістэмай Android, Samsung i LG. Усе праграмы, якія выходзяць у эфір даступныя на belsat.eu.

Нашая інтэрнэт-старонка працуе на пяці мовах: беларускай, польскай, расейскай, ангельскай і ўкраінскай.

Колькі людзей нас глядзіць?

З 2015 года да траўня 2019-га колькасць беларусаў, якія ведаюць, што такое «Белсат», і ніколі не пераблытаюць яго з Белстатам, вырасла з 27 % да 40 %. То бок у паўтара разу. Гэта вынікае з даследавання менскай даследчай кампаніі «Mia Research», зробленага ў траўні 2019 года.

Мы ўпэўненыя, што гэта нагода для гонару. І дзякуем усім, хто глядзіць наш тэлеканал праз спадарожнік, чытае нас са смартфона, ставіць падабайкі ў «YouTube’е» і сацсетках.

Пра тое, што апошнім часам гледачоў у «Белсату» паболела, мы здагадваліся. Сёлета мы атрымалі дзве «Срэбныя кнопкі» ад «YouTubeʼу» для нашых каналаў-стотысячнікаў: беларускамоўнага «БЕЛСАТ NEWS» і расейскамоўнага «ВОТ ТАК». Але цяпер мы маем значна больш важкія лічбы, якія сведчаць пра тое, што нас ведаюць мільёны.

Агульная аўдыторыя нашых YouTube-каналаў перавысіла 220 000 падпісчыкаў. Белсат вядзе 8 тэматычных YouTube-каналаў: Белсат News, Вот Так, Белсат без Палітыкі, Белсат Гісторыя, Белсат Музыка, Biełsat po Polsku, Belsat in English, Жэстачайшы Мульт.

Амаль 37 % нашых гледачоў даведаліся пра «Белсат» ад сяброў

Доля гледачоў «Белсату» ад усіх апытаных – 13 %. А сярод нашых прыхільнікаў менавіта тэлегледачоў – 33 %. Бальшыня з іх жыве ў сельскай мясцовасці.

Паводле даследавання, рост адбыўся галоўным чынам дзякуючы вяртанню старой аўдыторыі, якая перастала нас глядзець, але пазней перадумала. Таксама да нас далучыліся і новыя гледачы. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб вас не расчараваць!

37 % нашых фанаў даведаліся пра «Белсат» ад сяброў, а 27 % знайшлі нас у інтэрнэце.

Кожны дзясяты глядач зарабляе «па 500»

Галоўныя праблемы, якія хвалююць гледача «Белсату», – гэта нізкія заробкі, беспрацоўе і адсутнасць перспектываў на лепшае жыццё. Варта адзначыць, што ў апытанні бралі ўдзел людзі з розным узроўнем заробкаў. Сярод апытаных запаветныя «па 500» мае кожны дзясяты. Што праўда, кожны пяты адмовіўся называць свой заробак. Таксама 20 % зарабляе за месяц ад Br 1,2 тыс. да Br 2,6 тыс.

Ганарыцца краінаю, але не спартовымі дасягненнямі

У даследаванні адзначаюць: гледачы «Белсату» падзяляюць вартасці індывідуалізму і ўпэўненыя, што кожны сам каваль свайго лёсу.

Нашыя гледачы, у адрозненне ад тых, хто ніколі не чуў пра «Белсат», часцей знаходзяць нагоду для гонару за краіну ў такіх сферах, як гісторыя (58 % супраць 45 %), ганарацца прыроднымі багаццямі 42 % гледачоў, культураю – 33 %. А вось спартовыя дасягненні краіны цікавяць толькі 17 % тых, хто глядзіць «Белсат».

На якой мове размаўляюць гледачы «Белсату»?

91 % гледачоў «Белсату» размаўляюць дома па-расейску, але беларускую мову паважаюць. 13 % з тых, хто глядзіць «Белсат», мяркуюць, што размаўляць па-беларуску – значыць быць патрыётам.

Толькі 1 % мяркуюць, што беларуская мова – прыкмета апазіцыйнасці. 5 % белсатаўскіх гледачоў размаўляюць на трасянцы.

Частка гледачоў хоча абʼяднацца з ЕЗ, частка – з Расеяй

13 % нашых гледачоў называюць сябе грамадзянамі СССР. 27 % аўдыторыі перакананыя, што Беларусь мусіць уваходзіць у склад ЕЗ, 17 % думаюць, што варта быць у саюзе з Расеяй.

Таксама даследчыкі спыталі гледачоў «Белсату», ці лічаць яны развал СССР геапалітычнаю катастрофаю. Бальшыня (67 %) адказала «хутчэй згодны».

Што датычыць рэлігійнасці, то 80 % гледачоў каналу – праваслаўныя, 12 % – каталікі. Але толькі 5 % рэгулярна ходзяць у цэрквы. Пры гэтым ажно 60 % нашых гледачоў і чытачоў сцвярджаюць, што ведаюць малітвы.

Сайт і сацыяльныя сеткі

Паводле «Google Analitics», у траўні 2019-га на старонцы Belsat.eu было зарэгістравана 1 290 042 унікальных карыстальнікаў і 12 083 368 праглядаў. У сярэднім, старонку ў гэты перыяд штодзённа наведвала 68 153 карыстальнікаў.

Агульная колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках складае 535 000 чалавек. Мы вядзем акаўнты ў сацыяльных сетках на ангельскай, беларускай, польскай, расейскай і ўкраінскай мовах. Facebook-профіль тэлеканалу «Белсат» на беларускай мове налічвае 52 000 падпісчыкаў, знаходзіцца на 3-ім месцы па колькасці сяброў сярод усіх фанпэйджаў беларускіх медыяў, у тым ліку дзяржаўных і расейскамоўных.

У апытанні ўзялі ўдзел 1515 чалавек векам ад 18 да 64 гадоў.