Schedule of day 2017/04/23


07:15
Чым жыве планета і як яна мяняецца? Якім чынам гэтыя змены ўплываюць на нас? Што адбываецца ў нашых суседзяў? Якія з беларускіх падзеяў мелі рэзананс у свеце?
09:20
У першае дзесяцігоддзе ХХІ ст. улады Беларусі менавіта турмамі затыкалі рот кожнаму, хто асмельваўся публічна выказаць сваё меркаванне. А за кратамі людзей спрабавалі ламаць катаваннямі. Што такое катаванне ў беларускіх турмах, напоўніцу спазнаў палітык, літаратар, бізнесовец Андрэй Клімаў, якога тройчы знявольвалі за перакананні ды апазіцыйныя дзеянні. Ён і сведчыць пра метады і спосабы катаванняў у беларускіх турмах на прыкладзе Мазырскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, якую палітык называе пеклам. Вы пачуеце паказанні і былых палітвязняў: Алеся Кіркевіча ды Аляксандра Класкоўскага, асуджаных за ўдзел у Плошчы – 2010. Падсумоўвае размову праваабаронца Уладзімір Лабковіч. Ён падкрэслівае, што беларускія і замежныя праваабаронцы, міжнародныя структуры ды арганізацыі шматразова патрабавалі і патрабуюць ад уладаў наладзіць правяранне ў турмах краіны ды спыніць фізічныя і маральныя здзекі з людзей. Аднак іхных галасоў рэжым дасюль не пачуў.
09:35
Як жывуць былыя гараджане ў сельскай мясцовасці? “Лагер актыўнай рэабілітацыі” – першы крок інвалідаў да самастойнага жыцця. Бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей – інвалідаў, прыраўнялі да тых, хто ніколі не працаваў.
10:10
Аналітычная праграма журналістаў радыё Свабода. Разам з гасцямі і запрошанымі экспертамі вядзецца дыскусія пра актуальныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы мінулага тыдня. Журналісты закранаюць пытанні, важныя як для Беларусі, так і для ўсяго свету.
10:45
Стаміліся маўчаць: гісторыя дзвюх Ален, удзельніц магілёўскага Маршу недармаедаў. За імі будучыня: мінакі пра тое, ці варта адлічваць студэнтаў за ўдзел у акцыях пратэсту. У пошуках паразумення: жыхары вёскі Дамавіцк Чэрвеньскага раёну не задаволеныя з дзейнасці прадпрыемства “СлавСтройЦвет”. Прыемныя клопаты: мозырцы дамагліся спынення будоўлі шматпавярховіку ў сваім двары. Узброеныя відэакамераю: валанцёрскі рух “Хрушы супраць” змагаецца з нядобрасумленнасцю і пратэрмінаваннем.
11:10
Расейскія прапагандысты, што заязджаюць у Менск з гастролямі, дазваляюць сабе публічныя выказванні, быццам бальшыня беларускіх вайскоўцаў ды праваахоўнікаў насамрэч спадзяюцца на аб’яднанне Беларусі і Расеі ды мараць служыць у войску гэтай вялікай Расеі. Ці так гэта? На жаль, некаторыя асобныя назіранні і факты сведчаць, што ў выпадку абвастрэння сітуацыі ў Беларусі праявіцца магутная пятая калона, якая падмацуе агрэсіўныя дзеянні звонку. Стварэнне вайсковых камісіяў Беларускага нацыянальнага кангрэсу мае на мэце ўмацаваць нацыянальны кампанент беларускага войска, а таксама наладзіць шчыльны кантроль над працэсамі, што там адбываюцца. Ці будзе плён ад гэтае працы? Улады дэманструюць абыякавасць, не разумеючы, што нават сваім бяздзеяннем пілуюць сук, на якім сядзяць.
11:55
Танчаць усе! У доме перад люстэркам, на дыскатэцы, а нехта – прафесійна. Каму – пуанты, а каму – пілон. Госця студыі – чэмпіёнка свету па танцах на пілоне Дар’я Худзінская.
14:05
Па Другой сусветнай вайне мінула дзевяць гадоў. Маладая маці Сьюзан, якія працавала ў Брытанскай дэшыфравальнай службе ў маёнтку Блэтчлі – Парк, пастанаўляе звярнуцца па дапамогу да сваіх колішніх сябровак са службы, каб выкрыць шэраг забойстваў.
14:50
Стужка на матывы твораў Івана Буніна: аповеду Сонечны ўдар (1925) і дзённікаў 1918 1920 гг. Акаянныя дні пра апошнія дні капітана разбітай арміі Урангеля ў фільтрацыйным лагеры чырвоных у лістападзе 1920 – га.
рэж. (Мікіта Міхалкоў) Никита Михалков, 2014 г. , Расея
19:15
Калісьці Аляксей Шчадроў працаваў фельчарам у хуткай дапамозе. Па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада ізноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны. Турма перавярнула светапогляд былога фельчара. Яго ідэалам стала маці Тэрэза ўвасабленне хрысціянскага ўзору трываласці, міласэрнасці ды любові да адрынутых. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў пры касцёлах. Пасля пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе зарганізаваў незвычайны прытулак, стаў прымаць і даглядаць бедных, знямоглых людзей, дапамагаць ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Неўзабаве неабыякавыя беларусы пачалі дапамагаць прыстанку ежай, адзеннем ды іншым. Але мясцовым уладам ініцыятыва Аляксея прыйшлася недаспадобы. З самага заснавання і цягам трох гадоў складанага існавання чыноўнікі прымушалі былога фельчара зачыніць прытулак. У пошуках ахвяраванняў і духоўнага падтрымання Аляксей выправіўся ў Італію.
20:10
Хлопцы з познанскіх вуліцаў прагнулі свабоды. Са зброяй у руках яны змагаліся з камуністычнай уладай у час, калі прафзвязнікі з заводаў Цэґельскага ды іншыя, якія дамагаліся выканання ўмоваў, датычных стандартаў працы ды заробкаў, сышлі дадому. Пра познанскія падзеі апавядаюць былыя сябры прафесійных звязаў з некалькіх прадпрыемстваў, група баевікоў пад кіраўніцтвам Януша Куляса на мянушку Эдзі Полё, хлопцы з познанскіх скрыжаванняў, колішнія студэнты ды іншыя. Яны ўсе змагаліся супраць сістэмы і савецкага дамінавання.
рэж. Славомір Кёлер (Sławomir Koehler), 2016 г. , Польшча
21:45
Пра сучаснае фінскае ды эстонскае кіно Вячаслаў Ракіцкі гутарыць з кінакрытыкам Вольгаю Чайкоўскаю.
21:55
Стужка абапіраецца на факты біяграфіі легендарнага эстонскага фехтавальніка і трэнера Эндэля Нэліса (1925 – 1993). Ратуючыся ад НКУСу, малады эстонскі фехтавальнік, прызваны ў свой час немцамі ў войска, уцякае на радзіму ў мястэчка Хаапсалу, дзе пачынае вучыць школьнікаў мастацтву фехтавання. Аднак мінулае і тут наганяе яго, і перад Эндэлем паўстае выбар: застацца з вучнямі, якія дамагліся ўзяць удзел у спаборніцтвах у Ленінградзе, ці зноў кінуцца ўва ўцёкі?
рэж. Клаўс Хярэ (Klaus Härö), 2015 г. , Нямеччына – Фінляндыя – Эстонія
23:35
Па Другой сусветнай вайне мінула дзевяць гадоў. Маладая маці Сьюзан, якія працавала ў Брытанскай дэшыфравальнай службе ў маёнтку Блэтчлі – Парк, пастанаўляе звярнуцца па дапамогу да сваіх колішніх сябровак са службы, каб выкрыць шэраг забойстваў.
00:35
рэж. Зэбаст’ян Дэнгарт (Sebastian Dehnhardt) і Матыяс Шміт (Matthias Schmidt), 2014 г. , Нямеччына
Падзеі мірнае рэвалюцыі 1989 года ў Нямеччыне асвятляюцца праз аповеды сведкаў, якія разам з тысячамі іншых уцекачоў з ГДР знайшлі прытулак у заходненямецкай амбасадзе ў Празе, чакаючы дазволу на выезд у ФРГ. Увечары 30 верасня федэральны міністр замежных справаў Ганс – Дытрых Ґеншэр паведаміў, што выезд магчымы, і напружанае, але ў выніку паспяховае падарожжа на свабоду пачалося…
02:05
Глядзі таксама
Каментары