Жыццё ў горадзе смерці


У нядзелю на «Белсаце» пераможца сусветных кінафестываляў, шакавальны фільм, які вы доўга не здолееце забыць, «Апошнія людзі ў Алепа».

Гэта стужка пра гераічную працу «Белых касак» (падраздзялення Сірыйскай грамадзянскай абароны) у Алепа падчас аблогі гораду войскамі рэжыму Башара аль-Асада ды авіяўдараў расейскіх паветраных сілаў.

Не зважаючы на смяротную пагрозу – у любы момант побач з месцам працы можа выбухнуць бомба або ракета – адважныя ратаўнікі расчышчаюць завалы ад зруйнаваных будынкаў, каб вызваліць з-пад іх дзяцей, жанчын, жыхароў Алепа, некалі аднаго з квітнеючых гарадоў Сірыі, найстаражытнейшага людскога паселішча.

Дылема – уцячы або застацца – паўстае ў думках кожнага ратаўніка, бо ў іх ёсць дзеці, браты, сёстры, бацькі, і дзеля іх варта было б пакінуць абложаны горад, на які штодзень падаюць бомбы. Але грамадзянскі абавязак дапамагаць жыхарам, любоў да роднага гораду і вера ў яго будучыню схіляюць ратаўнікоў адкінуць гэтыя думкі ды зноў спяшацца на цяжкую, смяротна небяспечную працу.

Дакументальны фільм «Апошнія людзі ў Алепа» глядзіце ў нядзелю а 20:00.

Каментары