Здаровыя людзі паміраюць ад лекаў


Выданне прысвечанае выпадкам, калі здаровыя людзі памерлі пасля ін’екцыі, здавалася б, нармальных медычных прэпаратаў.

Жонка аднаго з герояў праграмы «Кожны з нас» памерла пры спрэчных абставінах у радзільні падчас родаў.

«Што вам казалі дактары?» – пытае ў мужа памерлай, Ягора Мышука, вядоўца Глеб Лабадзенка. «Казалі, што ў вас нарадзіўся хлопчык, але вашую жонку не ўратавалі. Жонка памерла ад алергічнай рэакцыі – анафілактычны шок. Але калі прыйшлі нашыя юрысты, каб разабрацца, дактары не хацелі з імі размаўляць», – дзеліцца Ягор.

Рэдка, але часам у медыцыне здараюцца такія выпадкі, калі на медычны прэпарат у пацыента ўзнікае алергічная рэакцыя. Аднак праз пяць месяцаў пасля смерці Вікторыі Мышук у гэтай жа радзільні падчас родаў памерла яшчэ адная жанчына.

«Толькі ў адным Маладзечне за 14 месяцаў тры жанчыны загінулі пасля ўвядзення медычных прэпаратаў», – працягвае Глеб Лабадзенка.

Аўтарытэтныя дактары ў крэслах экспертаў тлумачаць, праз што здараліся беды і ці вінаватая ў гэтым медыцына.

«Медычная сфера – гэта адная з самых закрытых сфераў жыцця ў Беларусі», – кажа журналіст Павел Свярдлоў.

Таксама ў студыі прысутнічаюць героі, якія зрабіліся інвалідамі пасля прышчэпак.

«На вялікі жаль, людзі не давяраюць нашай сістэме аховы здароўя», – мяркуе кандыдат медычных навук Андрэй Вітушка.

А ці давяраеце вы?

За і супраць – у суботу, а 21:15, у прэмʼерным выданні новага праекту «Белсату» з Глебам Лабадзенкам «Кожны з нас: Смяротны ўкол». Глядзіце ток-шоу онлайн.

Каментары