Як беларусу абараняць свае правы?


Праграма «Маю права» распавядае аб праблемах звычайных беларусаў з юрыдычнага гледзішча. У найбліжэйшым выданні новыя цікавыя гісторыі.

Віцяблянка пасля траўмы на вытворчасці не можа ўладкавацца на працу.

Гісторыя Вольгі Віткоўскай (раней Таўпянец) вядомая, бадай, усяму Віцебску. На жаль, да вядомасці спрычыніліся вельмі сумныя абставіны. Амаль два гады таму Вольга страціла ручыцу на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Дэлі Ост». У жніўні 2016 года распачалі крымінальную справу, але далей нічога не рухаецца. Дагэтуль нешта правяраюць, адбываюцца разнастайныя экспертызы. Вольга амаль штотыдзень звязваецца са следчым у сваёй справе, але ўцямнага адказу дамагчыся не можа. Жанчыне аформілі 3-ю групу інваліднасці і паводле страхоўкі бясплатна далі айчынны пратэз, але ён выконвае толькі касметычную функцыю, з ім Вольгу не бяруць нават на элементарную працу. А пенсія інваліда – усяго 150 рублёў на месяц.

Ахвяры хатняга гвалту пра пошукі выйсця і паратунку

Каб перамагчы хатні гвалт у дачыненні жанчын і прыцягнуць да гэтага ўвагу, штогод 25 лістапада адзначаюць Сусветны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту над жанчынамі. Спадарыня Наталля цярпела збіццё мужам два гады і толькі пазней наважылася на разжэнства, да таго ж яна падала на мужа ў суд за гвалт. Цяпер Наталля сама выхоўвае 9-гадовага сына Максіма. Раней ён хадзіў у школу, але апошнім часам атрымоўвае адукацыю дома – у хлопчыка з’явіліся праблемы са здароўем як наступствы стрэсу падчас жыцця побач з бацькам. У нашай краіне няма спецыялізаванага Закону пра перадухіленне хатняга гвалту. Але гэтая праблема надзвычай актуальная. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, штомесяц у міліцыю паступае каля 20 000 зваротаў пра гвалт на сямейна-побытавай глебе, а на агульнанацыянальную «гарачую» лінію – тысячы паведамленняў ад пацярпелых.

У пасёлку Прылукі на Меншчыне дзіцячая пляцоўка месціцца побач з пестыцыдамі

У праграму па дапамогу звярнуліся жыхары жыллёвага комплексу «Крона» ў Прылуках, што паблізу Менску, – яны баяцца за здароўе сваіх дзяцей. А прычыны хвалявацца сапраўды ёсць. Жылы дом № 31 на вуліцы Міра летась здалі ў эксплуатацыю. Адно пераехаўшы, жыхары даведаліся пра небяспеку: побач месцяцца выпрабавальныя палі ды сад Інстытуту абароны раслінаў. Таму навукоўцы тэстуюць тут сельскагаспадарчыя ядахімікаты – пестыцыды трэцяга і чацвёртага класаў, што адносяцца да асабліва небяспечных рэчываў.

Праграму «Маю права» глядзіце ў сераду а 18:55.

Каментары