Я чакаю, калі беларусы стануць больш смелыя, пачнуць больш сябе прымаць


Аўтарка дакументальнага цыклу «Беларускі клімат» Марыя Чыквін родам з Падляшша, калісьці ейную сям’ю раздзяліла мяжа паміж Польшчаю і Беларуссю. Каб лепш зразумець сябе, свае карані – журналістка выпраўляецца ў Беларусь. Беларускія мастакі ў серыі інтымных размоваў паспрабуюць адказаць на цяжкія пытанні тоеснасці, бо менавіта мастацтва любіць цяжкія пытанні.

Гераіня другой часткі цыклу «Беларускі клімат» – вядомая спявачка Руся. Русі ўдалося «пераапрануць» старажытныя песні ў сучаснае адзенне. Музычны праект «ŠUMA» выкарыстоўвае традыцыйныя беларускія спевы, змешваючы іх з электроннаю музыкай, атрымліваецца такая музыка для інтравертаў, для тых слухачоў, хто хоча глыбей зразумець сябе, кантактаваць з музыкаю наўпрост.

Спявачка распрацавала на падставе традыцыйнай беларускіх спеваў псіхатэрапеўтычныя тэхнікі, цялесную тэрапію. Песні, якімі карысталіся бабкі-шаптухі, паніжаюць трывожнасць. А некаторыя спевы здольныя вызваць нават псіхадэлічныя перажыванні.

«Беларускія спевы мне вяртаюць маю самасць, але не магу сказаць, што гэта менавіта беларуская ідэнтычнасць – гэта архаічная, усеагульная ідэнтычнасць. Калі я спяваю – я адчуваю, што я чалавек». Праз вывучэнне беларускай культуры Руся пачала лепш разумець традыцыйную культуру іншых народаў, знаходзячы шмат падабенства паміж імі.

«Цяпер беларусы крыху збянтэжаныя. Я чакаю, калі беларусы стануць больш смелыя, больш сябе прымаць і ў нацыянальнай, і этнічнай ідэнтычнасці».

Паступова інтэрвʼю ператвараецца ў цёплую размову аб мінулым і сучасным Беларусі ды беларусаў.

«Татуаж. Высветлілася, што гэта такая палітызаваная цялеснасць, калі ва ўмовах палітычнага ладу чалавек не можа выказваць сваю пазіцыю на дэманстрацыях, то можна праз цела – праз татуіроўкі».

Глядзіце 16 чэрвеня, у суботу, а 20:30 прэмʼеру другой часткі дакументальнага цыклу «Беларускі клімат». Фільм можна паглядзець праз тэлепрымачы ды онлайн, на нашай старонцы.

Каментары