Уцячы з пекла на зямлі


https://www.youtube.com/watch?v=LQZOxnVPjtk

«Я ўцякаў усё сваё жыццё. Падчас вайны я ўцякаў ад немцаў. У Аўшвіцы некалькі разоў уцякаў ад смерці. Пасля вайны я ўцякаў ад чырвоных. Цяпер я ўцякаю ў свет, каб не зрабіцца дзіваком…» – гэтак Казімеж Пехоўскі (Kazimierz Piechowski) апісвае ўласнае жыццё, напоўненае драматычнымі падзеямі.

Такіх дзёрзкіх і смелых уцёкаў не здарылася больш з гэтага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагеру. З яго немагчыма было вырвацца ў прынцыпе, ужо не кажучы пра выкарыстанне для гэтага эсэсаўскай машыны, мундураў і зброі. Дасканала прадуманы план і неверагодная ўдача дазволілі чатыром вязням ажыццявіць гэты адчайны крок, які стаўся легендарным сярод вязняў, дадаваў ім сілаў і надзеі.

Казімеж Пехоўскі трапіў у лагер ва ўзросце 20 гадоў. Тады ён быў скаўтам, а калі пачалася вайна, немцы палявалі на скаўтаў ды іх расстрэльвалі. Спадар Казімеж спрабаваў уцячы ў Францыю праз Вугоршчыну, але яго з паплечнікамі схапілі і адправілі на пэўную смерць у Аўшвіц. Працуючы звыш сілы, вар’яцеючы ад голаду, людзі часта выбіралі смерць, кідаючыся на калючы дрот. Лёс, аднак, звёў Казімежа з украінцам Яўгенам Бэндэрам (Євген Бендера), які працаваў у лагеры механікам, меў доступ да аўтамабіляў. Даведаўшыся, што ягонае імя трапіла ў «спісы смерці», Яўген пастанавіў дзеяць.

Адзін з арганізатараў самых адважных і першых у гісторыі Аўшвіцу ўцёкаў кранальна распавядае пра драматычныя моманты свайго жыцця, кашмар лагернага часу і змаганне супраць гітлераўцаў у аддзеле Арміі Краёвай, за што пасля вайны камуністычныя ўлады кінулі яго за краты. Стужка ўлучае шмат архіўных матэрыялаў, якія набліжаюць да гледачоў трагічныя падзеі сярэдзіны ХХ ст.

Дакументальны фільм «Уцякач» глядзіце ў пятніцу а 22:30.

Каментары