Свет жонак крыважэрных дыктатараў


«Белсат» паказвае пяцісерыйны аповед пра спадарожніц адыёзных кіраўнікоў дзяржаў.

«Што вы адчуваеце, калі вас называюць чорнаю павучыхаю?» – пытае аўтар фільму. «Нават адзін з вядомых албанскіх пісьменнікаў напісаў, што я – большая злачынца, чымся мой муж, я – суперзабойца. Што я вырашала, каму жыць, а каму не»,

– з напышлівай усмешкай адказвае жонка албанскага дыктара Энвэра Ходжы, першая лэдзі Албаніі Нэджміе Ходжа (1945–1985).

Некаторыя з іх мелі статус першай лэдзі і карысталіся з неверагодных прывілеяў ды багаццяў сваёй краіны, а таксама дапамагалі мужам у аўтакратычным кіраванні.

«Калі вы сталіся першаю лэдзі?» – «У той дзень, калі мой муж здзейсніў дзяржаўны пераварот». – «Як вы ўспрымаеце тое, што прэса называе вас «Лэдзі генацыд»?» – «Мне шкада, што шмат семʼяў страцілі сваіх блізкіх»,

– адказвае вонкава спакойная і мілая пажылая жанчына Агат Габ’ярымана, першая лэдзі Руанды (1973–1994), на якую выдалі міжнародны ордар на арышт. Вядомыя міжнародныя выданні называюць яе галоўнаю архітэктаркаю генацыду ў Руандзе.

У фільме таксама гучаць гісторыі Ракеле Мусаліні, Эвы Гітлер, Сафіі Кадафі, Цзян Цін (жонкі Маў Цзэ Дуна), Элены Чаўшэску, Маргат Гонэкер, Міры Маркавіч (жонкі Слабодана Мілошэвіча) ды іншых.

Ці зазналі гэтыя жанчыны пакаранне за сваю дзейнасць? Як жывуць і ці жывуць увогуле гэтыя абраныя лёсам кабеты?

Штотыдзень у нядзелю, а 20:00, глядзіце новы дакументальны серыял «Жонкі дэспатаў», які таксама дасяжны на нашай старонцы онлайн.

Каментары