Смяротнае пакаранне. Каго забіваем?


https://www.youtube.com/watch?v=L6BGwJKKzyc

Што аб’ядноўвае тры трагічныя падзеі: Віцебская справа 1971–1987 гадах, калі маньяк Міхасевіч забіваў кабет цягам 15 гадоў, забойства ў вёсцы Вялікая Машчаніца ў 2005 годзе ды тэракт у менскім метро 11 красавіка 2011 года?

Аўтар фільму Сяргей Ісакаў спрабуе знайсці адказ з дапамогаю аналізу працы праваахоўных органаў у Савецкія часы, а таксама грамадска-палітычнае сітуацыі ў Беларусі ў 1996 годзе, якая дазволіла Лукашэнку правесці рэферэндум ды змяніць канстытуцыю, вярнуўшы савецкі механізм кантролю над грамадствам.

Інэса Крутая, пацярпелая ад тэракту 11 красавіка 2011 года, задаецца пытаннем: «…я не разумею пацярпелых. Няўжо табе стане лепш, калі заб’юць невінаватага? На відэа з залы суда мужчына кажа: «Я страціў жонку праз выбух у метро, я быў на судзе, я не зразумеў – вінаватыя яны (Кавалёў і Канавалаў) ці не вінаватыя». Але калі ты не зразумеў, калі табе не даказалі, значыць, нешта не так?» – працягвае Інэса.

На гэты момант у спісе злачынстваў, якія караюцца смяротным пакараннем у Беларусі, 12 катэгорыяў: «міжнародны тэрарызм», «тэрарыстычныя акты», «здрада, спалучаная з забойствам», «змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» і г. д. Аднак самым папулярным артыкулам, паводле якога было вынесена больш за ўсё смяротных прысудаў, – «наўмыснае пазбаўленне жыцця пры абцяжваючых абставінах».

237 – гэта колькасць смяротных прысудаў, якія ўступілі ў законную сілу за гады праўлення Лукашэнкі. Але заўсёды існуе нейкая імавернасць судовай памылкі, бо расследаванне не можа выключыць розных суб’ектыўных фактараў: напрыклад, паліцэйскіх дручкоў, асаблівага стаўлення прававых органаў да патэнцыйных злачынцаў, карпаратыўных інтарэсаў прававой сістэмы, агульнай ацэнкі грамадствам максімальнага выраку. Гэта заганнае кола, з якога можна выйсці толькі шляхам скасавання смяротнае кары.

«Гэта ўсё робіцца нібыта для пацярпелых. Гэтае пакаранне будзе зробленае нібыта для мяне. Атрымліваецца, маймі рукамі заб’юць хлапчукоў», – кажа Інэса Крутая.

Чаму Беларусь застаецца апошняю краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ практыкуецца смяротнае пакаранне? Ды хто будзе наступны?

Глядзіце ў нядзелю а 19:15 у дакументальным цыкле «Невядомая Беларусь. Найвышэйшая мера», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Каментары