Скочыў з мосту, бо давяло начальства


Збіццё падначаленых, нечалавечыя ўмовы працы ды ціск на работнікаў. Гэта ўсё даводзіць людзей да радыкальных дзеянняў, калектыўных скаргаў, пратэстаў і нават самагубства.

Герой «Людскіх справаў» – Мікалай Мурач, былы кіроўца Гарадзенскага аўтапарку, які нават пасля скаргаў у Адміністрацыю прэзідэнта, пракуратуру, санстанцыю і ў дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы не дачакаўся паляпшэнняў умоваў працы:

«Мяне звольнілі паводле пункту 2 артыкулу 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «непадаўжэнне кантракту». Мяркую, за тое, што збіраў подпісы да калектыўных скаргаў».

Пасля спадар Мікалай падаў у суд на кіраўніцтва Гарадзенскага аўтапарку і ў выніку судовага паседжання атрымаў новы запіс у працоўнай кніжцы ды кампенсацыю памерам з трохмесячны заробак. Маленькая, але ўсё ж перамога.

Адмысловы госць студыі «Людскіх справаў» – экс-дэпутат парламенту Сяргей Скрабец. Яму давялося напоўніцу адчуць прыгнёт беларускае сістэмы. Як былы буйны бізнесовец апынуўся ў беларускім парламенце, а адтуль трапіў у турму? Чаму 14 гадоў ён сядзіць без працы, дзе бярэ сілы, каб не патануць у роспачы?

«Людскія справы» Алеся Залеўскага ўжо ў бліжэйшы чацвер, 12 красавіка, а 18:55. Праграма даступная праз тэлевізары, а таксама онлайн.

Каментары