Шалёныя беларускія 90-я


90-я гады ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, былі перыядам хаатычнага руху, хуткага, часцяком нелегальнага бізнесу, ашаламляльных карʼераў і бандыцкіх парахункаў.

«Пераломны момант наступіў, калі міліцыя працавала паводле савецкіх законаў. Раптам усё пачалося мяняцца. Прычым у геаметрычнай прагрэсіі. Сёння ты мог купіць скрыню піва, заўтра – за прададзеную скрыню купіць дзве, пасля – чатыры, восем, дзесяць… І пайшло», – прыгадвае герой рэпартажу, які выбраўся з Алесем Залеўскім на могілкі, каб памянуць былых «браткоў», людзей, якія ў 90-я займалі не апошняе месца ў беларускім бізнесова-крымінальным свеце.


Гісторыкі ж лічаць гэтае дзесяцігоддзе «забытым» часам. Часам, які не стаўся для нашай дзяржавы штуршком для развіцця незалежнай, уладкаванай і дэмакратычнай краіны. Шалёны працэс пераўтварэння быў раптоўна перапынены ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка.

Героі апошняга ў сезоне выдання праграмы Алеся Залеўскага «Людскія справы» – людзі, якія ў 90-я пачуваліся камфортна, зараблялі, былі ініцыятыўнымі, і мала хто з іх застаўся «на кані».

Андрэй Клімаў – адзін з самых уплывовых беларускіх прадпрымальнікаў 90-х, які праз канфлікт з дзейным кіраўніком дзяржавы адседзеў тры тэрміны і быў прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным.

Другі ўдзельнік дыскусіі – Пётр Рудкоўскі, філосаф, багаслоў, аўтар кніг і шматлікіх артыкулаў аб праблемах нацыянальнай ідэнтычнасці, а цяпер – акадэмічны дырэктар BISS, Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Глядзіце «Людскія справы» у чацвер, 31 траўня, а 18:55.

Каментары