Праца, якая калечыць


Гісторыя трох працаўнікоў, якія зазналі траўмы на сваім рабочым месцы. На ўсё жыццё яны засталіся інвалідамі, але працадаўцы адмаўляюцца прызнаць іхныя траўмы вытворчымі і кампенсаваць ім выдаткі на лекаванне. Алесь Залеўскі ў праграме «Людскія справы» разбіраецца ў праблеме.

Сяргей Нікіценка штогод працаваў на абслугоўванні атракцыёнаў у менскім парку імя Чалюскінцаў.

Летась, у разгар сезону, ён трапіў пад атракцыён «Лятаючая лаўка». Атрымаў шматлікія пераломы і траўмы, два тыдні быў у коме, затым рэанімацыя, трынаццаць аперацыяў, спаралізаваная палова тулава.

«Кіраўніцтва «Менскзялёнбуду» нават не пацікавілася, што са мною: жывы я ці не жывы. Ну быў – і быў, няма – і няма», – кажа Сяргей пра сваіх працадаўцаў.

Тым часам адвакат Сяргея больш за паўтара года рэпрэзентуе інтарэсы свайго падабароннага ў судзе: камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Менскзялёнбуд», якое ёсць уладальнікам атракцыёнаў, адмаўляецца прызнаць калецтва Сяргея Нікіценкі вытворчаю траўмаю.

У другой частцы праграмы – гісторыя Мікалая Шуляка: былы працаўнік «Атланту» больш за дзесяць гадоў судзіцца з адміністрацыяй прадпрыемства, якое адмаўляецца прызнаць ягонае захворванне прафесійным.

У студыі Алесь Залеўскі вітае юрыста Юрыя Белякова, які кансультуе ў пытаннях аховы працы, і калеку Дзмітрыя Пятруціка, які траўмаваўся праз працу мантажнікам.

Болей – у праграме «Людскія справы» ў чацвер, 7 снежня, а 18:55. Праграма дасяжная праз тэлевізар, онлайн, а пасля прэм’еры – і на старонцы.

Каментары