Новы фармат «Размовы»


«Размова дня» – гэта штодзённая праграма, дзе мы шукаем адказы на самыя складаныя выклікі нашага грамадства.

Штодня з’яўляюцца пытанні, якія патрабуюць грунтоўных адказаў і аналізу. Разабрацца ў віры навінаў бывае няпроста без дапамогі дасведчаных экспертаў. Менавіта таму найлепшыя журналісты «Белсату» запрашаюць да сябе ў студыю кампетэнтных гасцей. Святлана Калінкіна, Уладзімір Мацкевіч і Усевалад Сцебурака штодня рыхтуюць для вас сурʼёзную «Размову дня». Госці нашае студыі – гэта апазіцыйныя палітыкі, дэпутаты, бізнесоўцы, навукоўцы, грамадскія актывісты і блогеры.

Эканоміка, палітыка, грамадскія сувязі і навука: самае важнае ды набалелае ‒ у студыі праграмы «Размова дня». Куды рухаецца свет, а разам з ім і нашая краіна? Поспехі і няўдачы, улады і апазіцыя, эліта і грамадства ‒ у цэлым у фокусе штодзённых пытанняў ад найлепшых журналістаў «Белсату». Навінка зімовага сезону – «Размова тыдня», дзе нашыя журналісты і двое гасцей падсумоўваюць самае важнае за тыдзень. Адзін з гасцей студыі – прадстаўнік беларускай рэгіянальнай медыйнай сферы, які дапаможа праверыць, як насамрэч выглядае рэалізацыя пастановаў, прынятых у сталіцы.

«Рэгіянальны журналіст, рэгіянальны блогер – гэта чалавек на вастрыні атакі ў сваім рэгіёне, які сапраўды ўсё ведае і на якога валяцца ўсе шышкі адусюль», – адзначае Ірына Чарняўка, прадзюсарка «Размовы».

Цяпер «Размову дня» можна глядзець штодня з панядзелка да чацвярга а 21:25 пасля «Абʼектыву», а ў нядзелі не прапусціце «Размовы тыдня» а 21:15. Абедзве праграмы будуць даступныя таксама і онлайн.

Каментары