Перасадка органаў: дзяржаўны бізнес?


Штогод у Беларусі каля 500 чалавек атрымоўваюць новыя органы. Каб даць жыццё пяці сотням людзей, пяцьсот мусяць памерці. «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» дазваляе забіраць органы памерлага, не запытваючы згоды сваякоў.

Паводле дзейнага заканадаўства, донарства ў Беларусі дабрачыннае – сваякам памерлага не кампенсуюць забірання органаў. Адначасна, траціна ўсіх аперацыяў для перасадкі органаў у Беларусі праводзіцца грамадзянам замежных краінаў. І гэта каштуе не малых грошай. Гэткім чынам, дзяржава ўсё ж робіць бізнес на «чалавечым матэрыяле»?

Герой першага рэпартажу берасцеец Валерый Чарткоў пяць гадоў пражыў з ныркай памерлага чалавека, але ў выніку арганізм яе адпрэчыў. Цяпер хворы паўторна чакае перасадкі новай ныркі. Другі герой, Валерый Дабрынец, з перасаджанай ныркай вядзе паўнавартаснае жыццё.

З прычыны табуяванасьці гэтай тэмы ў грамадстве існуе безліч фобіяў, міфаў і страхаў, звязаных з перасадкай органаў – кажа герой другога рэпартажу, каардынатар Службы транспланталогіі Берасцейскай вобласці Расціслаў Лаўрынюк.

Дык як ставіцца да трансплантацыі органаў? Адказы на гэтае ды іншыя пытанні аўтар і вядоўца Алесь Залеўскі шукае разам з гасцямі ў студыі: Ларысай Паланевіч, у якой траўмаванага ў аварыі сына «разабралі» на органы, і Таццянай Тхоравай, псіхолагам з руху транспланталогіі.

«Людскія справы» ў чацвер 23 лістапада а 18:55 на тэлеканале «Белсат».

Каментары