Неверагоднае музычнае фэнтэзі-шоу ад «Belsat Music Live»


Сны і мары, летуценні і фантазіі, легенды і паданні – усё гэта сплятаецца разам у творчасці самай казачнай каманды на беларускай сцэне, якая стала госцяй аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна «Belsat Music Live».

Надзея Гапава і Уладзімір Калач пачыналі як дуэт у Горадні – з малалюдных выступаў на вулічных канцэртах і лакальных святах. Цяпер яны – «Ірдарат». Сваю музыку называюць фэнтэзі-фолькам, але з кожнаю кружэлкаю намагаюцца пашырыць межы стылю.У іх сэт-лісце суседзяць македонскі народны спеў, французская песня пра піратаў, творы на словы Караткевіча і ўласная трактоўка гурта «The Prodigy».

У размове з вядоўцаю Міраю Шульц Надзея і Уладзімір Ірдарат распавядуць пра таямнічы беларускі фэнтэзійны сусвет, пра свае адчуванні ад вяселля, якое адбылося проста на канцэрце, і пра свежы альбом, што выйшаў у Нямеччыне.

«Мы хацелі зрабіць гэта і прыгожа, і казачна і запрасіць усіх сваіх сяброў. Можна сказаць што на нашым вяселлі было 500 чалавек», – кажа Уладзімір Калач.

У праграме прагучаць песні, якія прынеслі гарадзенскаму гурту вядомасць, і зусім новыя творы. Запрашаем на музычнае шоу ад «Belsat Music Live» у суботу, 9 снежня, а 20:25. Праграма дасяжная праз тэлевізар, онлайн, а пасля прэм’еры – і на старонцы.

Каментары