Не забываем пра Алега Сянцова!


Алег Сянцоў – украінскі кінарэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік. Нарадзіўся ў Сімферопалі, жыў і працаваў у Крыме. Пасля анексіі паўвостраву Расеяй ён адмовіўся прыняць расейскае грамадзянства.

11 траўня 2014 года Сянцоў выйшаў на акцыю пратэсту ў Сімферопалі супраць далучэння Крыму да Расеі. У той самы дзень ён быў затрыманы ФСБ як падазраваны ў тэрарызме і вывезены ў Маскву.

У доўгім паказным працэсе, доказная база якога абапіралася на выбітыя пад катаваннямі паказанні сведкаў, Алега Сянцова прызналі вінаватым у стварэнні на тэрыторыі Крыму тэрарыстычнай супольнасці, падпале сядзібы арганізацыі «Расейская абшчына Крыму» і офісу «Адзінай Расеі» ў Сімферопалі ды ў падрыхтоўцы шэрагу тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Крыму. 25 жніўня 2015 года яго асудзілі на 20 гадоў строгага рэжыму.

14 траўня Сянцоў, які адбывае тэрмін у калоніі на Ямале, пачаў бестэрміновую галадоўку. Рэжысёр дамагаецца вызвалення 64 украінскіх палітвязняў, якіх утрымліваюць у Расеі ды анексаваным Крыме. Ён гатовы памерці, калі патрабаванняў не выканаюць.

«Amnesty International» прызнала Сянцова палітвязнем і ініцыявала бестэрміновую акцыю падтрымання. Арышт Сянцова выклікаў абурэнне ў палітыкаў, дзеячаў культуры, праваабаронцаў ва ўсім свеце.

У Расеі тым часам у разгары гучнае прапагандысцкае святкаванне футбольнага чэмпіянату свету.

Фільм Аскольда Курава распавядае пра суд над Сянцовым і спробы сям’і, сяброў і адвакатаў вызваліць рэжысёра з турмы. Нібыта ў кафкаўскім «Працэсе», ён паказвае, як у таталітарнай дзяржаве ахвярай абсурднай бюракратычнай машыны можа зрабіцца кожны чалавек.

Прэм’еру дакументальнага фільму «Працэс: Расейская Федэрацыя супраць Алега Сянцова» глядзіце ў аўторак 3 ліпеня а 21:25.

Каментары