Насякомыя на абед ды іншыя ідэі з беларускай правінцыі


Насельніцтва Менска пасля вайны складала 67 тысяч чалавек, а цяпер налічвае два мільёны. Тры з чатырох беларусаў жывуць сёння ў гарадах а кожны пяты ў Менску. Але адначасова знаходзяцца людзі якія едуць у вёску і робяць там неверагодныя рэчы.

У праграме «Кожны з нас» сабраныя гісторыі, калі людзі будавалі цікавы і паспяховы бізнес у правінцыі. Напрыклад, пра самую буйную ва Усходняй Еўропе майстэрню дэкаратыўных свечак. Яна базуецца ў 10-тысячнай Уздзе, мястэчку, якое мясцовыя жыхары называюць не інакш як «вялікай вёскай». Таксама будзе гісторыя пра самага першага фермера – прыватніка ў Беларусі з-пад Маладэчна і пра мыльны заводзік. Аднак сапраўдная разынка праграмы – гісторыя пра ферму па вырошчванні цвыркуноў, якую менскія хлопцы адкрылі пад Фаніпалям. Але хто будзе есці тых жывёлін?

«Насамрэч гэта больш чысты прадукт чым свініна ці ялавічына» кажа Андрэй Саўчук, адзін з саўладальнікаў фермы.

А што на такое адкрыццё скажуць беларусы? Здымачная група падсмажыла гэтых членістаногіх у фрытуры і выправілася па менскіх вуліцах, каб праверыць рэакцыю талерантных беларусаў. Вынікі эксперыменту ў ток-шоу «Кожны з нас» у пятніцу, 9 лютага а 18:35.

Каментары