Народ без дзяржавы. «Курдыстан. Пакаленне вайны»


Рэпартаж журналістаў «Белсату» Сяргея Марчыка і Конрада Загурскага пра курдскую меншасць у Іраку.

Паўднёвы Курдыстан вядомы сваім супрацьстаяннем гэтак званай «Ісламскай дзяржаве», жанчынамі, што ваююць на лініі фронту, а таксама вялікімі запасамі нафты. Курды – народ без уласнай дзяржавы, але з выразна акрэсленымі этнічнымі прыкметамі, сваёй традыцыяй, мовай і культурай. Іхная гістарычная радзіма, Курдыстан, падзелая паміж Турцыяй, Іракам, Іранам ды Сірыяй, дзе яны зазнаюць большы (Турцыя) ці меншы (Ірак) уціск. Спробы асіміляваць курдаў заўсёды былі няўдалыя.

У краіну, ахопленую вайною з «Ісламскаю дзяржавай», рэпарцёры даехалі праз восем межаў, мінаючы Чэхію, Славаччыну, Вугоршчыну, Балгарыю і Турцыю. Усё гэта – на аўтамабілі-ветэране, які пабываў ужо на ўкраінскіх франтах, дзе яму адарвала два колы. У Курдыстане аўто амаль дашчэнту разбілася, але ўмелыя мясцовыя механікі вярнулі яго да жыцця, што дазволіла хлапцам скончыць свой рэпартаж.

Ад культурніцкай сталіцы Сылемані (Silêmanî), дзе жыццё ідзе размерана і спакойна, да лініі фронту – праз гісторыі галоўных герояў, тэатральнага актора і драматурга, а таксама ваеннага тэлежурналіста, мы даведаемся, як жыве, рэалізоўваецца ў творчасці і змагаецца за існаванне гэты народ.

У размове з Сяргеем Пелясою ў праграме «Прасвет» Сяргей Марчык параўнаў свой рэпарцёрскі досвед у паўночным Іраку і ўсходняй Украіне:

«Тое, што я бачыў у Данецку ці ў Марыупалі, пакідае адчуванне, вельмі падобнае з Курдыстанам. Прыязджаеш у горад, які кантралюецца іракскім войскам або войскам украінскім, але людзі збольшага падтрымліваюць сепаратысцкую ідэю. У Данецку яны падтрымліваюць ідэю гэтак званага «руского мира», а, напрыклад, у іракскім Кіркуку людзі ў значнай большасці падтрымліваюць ісламскую ідэю. Нягледзячы на тое, што кантралюецца гэты горад іракскім войскам, людзі з задавальненнем могуць цябе падстрэліць ці прадаць, калі ніхто не бачыць».

Прэм’еру рэпартажу «Курдыстан. Пакаленне вайны» глядзіце ў пятніцу а 22:05.

Глядзіце таксама:

Відэаблог Сяргея Марчыка і Конрада Загурскага падчас падарожжа ў Курдыстан:

Сылемані – культурная сталіца Курдыстану

Месца, якога нават няма на мапе

Арбіль – горад, які заўжды маўчыць

Як даехаць да Курдыстану на аўце?

Поўная версія інтэрв’ю з Сяргеем Марчыкам у праграме “Прасвет”

Каментары