Найважнейшае – трымаць дыстанцыю. Мастацкі фільм «Фехтавальнік»


«Фехтавальнік» (фін. Miekkailija, эст. Vehkleja), м/ф, рэж. Клаўс Хярэ (Klaus Härö), 2015 г., Нямеччына – Фінляндыя – Эстонія

Падчас Другой сусветнай вайны Эстонія трапляла спачатку пад савецкую, а пазней пад нямецкую акупацыю. Калі ў 1944 годзе краіну канчаткова захапілі саветы, маладыя мужчыны, якія прымусова былі завербаваныя ў войскі Вермахту, сталі для сталінскіх ўладаў ворагамі. Пачалося паляванне. Тых, хто трапіў у рукі НКУС, кідалі ў вязніцу ці ссылалі ў Сібір.

Гэтай трагічнай старонцы эстонскай гісторыі прысвячаецца стужка «Фехтавальнік». Малады эстонскі фехтавальнік, які ў свой час зрабіўся такім жаўнерам паняволі, уцякае на радзіму ў мястэчка Хаапсалу (Haapsalu)  дзе пачынае вучыць школьнікаў мастацтву фехтавання. Аднак мінулае і тут даганяе яго, і перад ім паўстае выбар: застацца з вучнямі, якія дамагліся шанцу ўзяць удзел у спаборніцтвах у Ленінградзе, ці зноў уцякаць?

У аснове стужкі ляжыць біяграфія легендарнага эстонскага фехтавальніка і трэнера Эндэля Нэліса (Endel Nelis) (1925–1993). Знакаміты спартовец здолеў зрабіць з маленькага школьнага фехтавальнага клубу вядомую на ўвесь СССР і прызнаную на міжнароднай арэне кузню талентаў. Вучнямі Нэліса былі знакамітыя спартоўцы, прызёры найбуйнейшых турніраў. Закладзены ім фундамент дагэтуль дапамагае эстонскім фехтавальнікам здабываць медалі на чэмпіянатах Еўропы і свету. Сам Неліс таксама неаднойчы перамагаў у спаборніцтвах. У 1955 годзе ён упершыню стаў чэмпіёнам Эстоніі.

Фільм не біяграфічны – сапраўдны Эндэль Нэліс ніколі не быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі.Чаму рэжысёр вырашыў дадаць такі паварот у сцэнар? У кінаклубе Вячаслава Ракіцкага аўтар размаўляе з кінакрытыкам, прадзюсаркай і дырэктаркай міжнароднага кінафестывалю паўночнаеўрапейскіх краінаў у Менску «Паўночнае ззянне» Вольгай Чайкоўскай:

«Эстонцы і дагэтуль вельмі драматычна ўспрымаюць усё, што звязана з савецкай гісторыяй. І цяпер у Эстоніі існуе такая канфрантацыя паміж «эстонскімі эстонцамі» і «расейскімі эстонцамі». Таму для іх усё гэта яшчэ актуальна. Праз кінематограф яны стараюцца падтрымліваць нацыянальную ідэю».

Асобна варта адзначыць выдатную аператарскую працу фінскага майстра камеры Туомо Хутры (Tuomo Hutri). Фільм нечувана прыгожа зняты: выдатныя кадры і колеры акунаюць гледача ў атмасферу тых часоў. Таксама немагчыма не захапіцца музыкай кампазітара Герта Вільдэна (Gert Wilden Jr.).

«Фехтавальнік» быў кандыдатам ад Фінляндыі на прэмію «Оскар» як найлепшы неанглійскамоўны фільм, «Залаты глобус» у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове»; стужка атрымала дзве нацыянальныя прэміі «Юссі» ў катэгорыях «Найлепшы фільм года» і «Найлепшая аператарская праца».

Глядзіце прэм’еру фільму ў кінаклубе Вячаслава Ракіцкага нядзелю а 21:45.

Каментары